Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: “У нас скралі тры месяцы працы, гэта дрэнна”


Алесь Дашчынскі, Менск На тэрміновым паседжаньні цэнтральнага штабу Аляксандра Мілінкевіча абмеркаваны плян дзеяньняў у сувязі з прызначэньнем даты прэзыдэнцкіх выбараў. Цягам тыдня будзе сфармавана ініцыятыўная група грамадзянаў для збору подпісаў.

Паседжаньне штабу праходзіла без удзелу Аляксандра Мілінкевіча, які працягвае сваю паездку па Берасьцейшчыне. На ім вырашаліся тэхнічныя пытаньні ў сувязі з прызначэньнем даты выбараў. Паводле кіраўніка штабу Сяргея Калякіна, цягам тыдня будзе сфармавана ініцыятыўная група грамадзянаў для збору подпісаў за вылучэньне Аляксандра Мілінкевіча кандыдатам у прэзыдэнты. Гэта першы крок, які сёньня ўжо робіцца ў рэгіёнах. Другая самая важная задача, паводле кіраўніка штабу — вылучэньне кандыдатураў для тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Таксама працягнецца праца ў інфармаваньні грамадзянаў пра становішча ў краіне, аб плятформе прыхільнікаў пераменаў, аб адзіным кандыдаце і рашэньнях кангрэсу дэміслаў.

(Калякін: ) “У нас скралі тры месяцы працы, гэта дрэнна. Але мы ведаем, што можна і за больш кароткі тэрмін зрабіць тую працу, якую мы плянавалі зрабіць за шэсьць месяцаў. І сёньня на штабе мы абмяркоўвалі канкрэтныя пытаньні і прымалі канкрэтныя рашэньні, каб добра выканаць тую працу, якую патрэбна, дзеля таго, каб перамагчы рэжым на маючых адбыцца выбарах. Мы ўсё будзем рабіць, каб гэта адбылося”.

Раней прадстаўнікі штабу адзінага кандыдата заяўлялі пра намер сабраць ня менш за адзін мільён подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Плянавалася таксама набраць каля 10 тысяч валянтэраў для ўдзелу ў выбарчай кампаніі адзінага кандыдата. Ці рэальныя гэтыя лічбы? Намесьнік старшыні штабу Віктар Карняенка пакуль устрымаўся ад адказу.

(Карняенка: ) “Мы лічым, што гэта, фактычна, абвяшчэньне датэрміновых выбараў. Безумоўна, гэта сьведчыць на тое, што ўлада рабіла свой нейкі нагляд за тым, як ідзе кампанія адзінага прэтэндэнта. Мы гаварылі пра 10 тысяч валянтэраў і мільён подпісаў як задачы — калі мы плянуем перамагчы. Таму, безумоўна, і сёньня перад намі такія задачы стаяць. Толькі сёньня абвешчаны выбары, і нашы рэгіянальныя прадстаўнікі распачалі гэтую працу”.

Вынікі гэтай працы мяркуецца падвесьці да пятніцы, і тады, паводле спадара Карняенкі, можна будзе назваць лічбы.

(Карняенка: ) “Датэрміновае абвяшчэньне выбараў не павінна карэктаваць нашых плянаў. У камандзе Мілінкевіча прагназавалі выбары ў сакавіку. Таму нельга сказаць, што выбары ў сакавіку прыйшлі гэтак жа нечакана, як для камунальнікаў зіма”.

Сяргей Калякін таксама адзначыў, што праца ў справе фармаваньня раённых штабоў, фактычна, завершаная. У некаторых раёнах іх няма, але гэтыя раёны падпадуць пад рэгіянальныя структуры. Такім чынам, дэмсілы ўключаюцца ў перадвыбарчую кампанію.

(Калякін: ) “Ніхто не выказваўся, што мы ня будзем прымаць удзелу. Пакуль… Таму што для гэтага няма ніякіх падставаў. Правёўшы кангрэс, мы прынялі рашэньне ўдзельнічаць у выбарах. Хаця мы разумеем: гэта — не зусім выбары. Гэта жорсткая палітычная кампанія. І тое, што яна адбудзецца датэрмінова, падкрэсьлівае яе жорсткі характар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG