Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанскі радзільны дом зачынілі на няпэўны тэрмін


Браніслава Станкевіч, Ворша У будынку праводзіцца рамонт, пасьля якога, паводле абяцаньняў кіраўніцтва, гэтая мэдычная ўстанова будзе адпавядаць самым высокім сацыяльным стандартам. А пакуль цяжарных жанчын “хуткая дапамога” возіць нараджаць у суседні райцэнтар Дуброўна або адразу ў абласны Віцебск.

Колькасьць насельніцтва ў Воршы складае больш як 130 тысяч чалавек, а радзільны дом усяго адзін. У лепшыя гады тут нараджалася да трох тысяч немаўлятаў на год. Паводле апошніх статыстычных зьвестак – усяго паўтары тысячы дзетак.

Але справа, як гавораць мясцовыя жыхары, ня толькі ў агульнай беларускай дэмаграфічнай праблеме, зьвязанай з эканамічным станам кожнае сям”і. Паводле старажылаў, аршанскі радзільны дом што на вуліцы Караткевіча пабудаваны якраз на месцы нямецкіх могілак часоў мінулае вайны. І шмат якія аршанскія жанчыны карыстаюцца любой магчымасьцю нарадзіць у якім іншым месцы – найлепей, канешне, у Віцебску або Менску, каб пазьбегнуць інфэкцый, заўсёдную наяўнасьць якіх тлумачаць і містычнымі, і санітарна-гігіенічнымі прычынамі.

На пачатку 90-х гадоў у Воршы было ўжо паўстала пытаньне, каб пабудаваць радзільны дом у іншым месцы. Але з часам пачалі актыўна будавацца лядовыя палацы, а аршанскі раддом толькі час ад часу зачынялі на дэзынфэкцыю. Пра іншы будынак або пра другі па ліку раддом пытаньне больш не паўставала.

Сёньня, калі будынак раддому зачынілі на рамонт, да суседняга райцэнтру Дуброўна, дзе ў мясцовым шпіталі разьмясьцілася радзільнае аддзяленьне, трэба ехаць на “хуткай дапамозе” каля 20-ці кілямэтраў. Але, як патлумачыла намесьніца галоўнага ўрача Воршы Альфрэда Чаргейка, у Дуброўна накіроўваюць радзіць толькі здаровых жанчын. Аддзяленьне паталёгіі цяжарнасьці, дзе ляжаць жанчыны з рознымі праблемнымі выпадкамі, пераведзенае з раддому ў аршанскі гарадзкі шпіталь імя Сямашкі. І нараджаць тамтэйшых пацыентак возяць ў Віцебск, да якога ўжо каля ста кілямэтраў.

Пэрспэктывамі завяршэньня рамонту ў аршанскім радзільным доме дактары нікога ня цешаць, а цяжарных жанчын шкадуюць. Пра гэта распавяла аршанка Ларыса Кудраўцава, якая мусіць нарадзіць на пачатку траўня.

(Кудраўцава: ) “Справа ў тым, што, калі я ўрачоў праходзіла, мяне жанчына адна глядзела, і я запыталася: “Дык буду нараджаць ужо ў новым раддоме?” Яна кажа: “Ды што вы! Гэта толькі гады праз два!”. У мяне аж вочы вылезьлі: “Мне што, у Дуброўна ехаць давядзецца?” А яна кажа: “Ня едзьце вы ў тое Дуброўна!”

Дактары, зь якімі давялося размаўляць на гэтую тэму, перадусім адзначаюць, што перавод радзільнага аддзяленьня ў суседні райцэнтар Дуброўна стварае вялікія праблемы ў іхнай працы, што непазбежна адбіваецца і на пацыентках. Да прыкладу, у “пераселенай” радзільні няма гарачае вады. Але прэтэнзій выказаць няма каму, бо галоўнаму ўрачу Дубровенскага шпіталя Артуру Маёраву “філія” аршанскага раддому не падпарадкоўваецца.

(Маёраў: ) “На нашай тэрыторыі на двух паверхах разьмешчаны аршанскі гарадзкі радзільны дом. Але, шчыра скажу, іхны рэжым, мэдыкамэнты, усё забесьпячэньне нас ня тычыцца. Гэта распараджэньне ўправы аховы здароўя, а мы толькі далі памяшканьне”.

Дактары аршанскага раддому, вымушаныя езьдзіць з Воршы ў Дуброўна на працу, скардзяцца на службовы аўтатранспарт, які падаецца нерэгулярна. І ўвогуле, як распавяла докарка Марына Строева, умовы працы далёка не аптымальныя.

(Строева: ) “Якія ўмовы! Людзі мусяць працаваць там суткамі, бо іначай немагчыма забясьпечыць іхную дастаўку. Там няма ніякае сталоўкі, нічога. І – уяўляеце! – людзі, вымушаныя працаваць у чужым горадзе, не атрымліваюць “камандзіровачныя”. Больш за тое: кожнаму даслалі паперу, што калі ня згодныя працаваць у такіх умовах, мы вас выкінем. Альбо будзеце працаваць так, як мы вам прапанавалі. І ўмовы кантрактаў, выбачайце, там блізка не выканваюцца!”

Доктарка Марына Строева гаворыць, што супрацоўнікі Аршанскага раддому ад пачатку прапаноўвалі перавесьці радзільнае аддзяленьне не ў Дуброўна, а куды-небудзь бліжэй: у гарадзкі шпіталь або ў прафілакторый льнокамбінату, які круглы год практычна пустуе, бо прадпрыемства зьбяднела. Аднак да гэтага меркаваньня ніхто не прыслухаўся. І ніхто да сёньня дакладна не сказаў, колькі часу яны будуць вымушаныя існаваць у такіх умовах – наколькі зацягнецца гэты капітальны рамонт, і дакуль жанчыны будуць езьдзіць нараджаць за дзесяткі кіламэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG