Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрась Беленькі камэнтуе вынікі году


Ганна Соусь, Менск Якую падзею 2005 году вы лічыце найважнейшай? Чаго чакаеце ад новага году? На пытаньні “Свабоды” адказвае намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

(Беленькі: ) “Для Беларусі ў станоўчым пляне я б вызначыў тое, што як у беларускім грамадзтве, так і за межамі Беларусі ў палітычных колах шэрагу краінаў адбывалася пераасэнсаваньне таго, што ў рэальнасьці адбываецца ў Беларусі. Гэта вельмі важна для пэрспэктывы, для будучыні Беларусі. Калі яшчэ год, два ці тры таму многія палітыкі на Захадзе лічылі, што Беларусь павінна ісьці да дэмакратыі праз Расею, то сёньня дыямэтральна супрацьлеглыя погляды, якія адпавядаюць сытуацыі, рэчаіснасьці, і гэта вельмі важна.

І, канечне, можа быць, яшчэ другая падзея — гэта саміт у Кіеве краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы. Адбылося тое, да чаго заклікаў пятнаццаць гадоў таму Зянон Пазьняк — стварэньне Балтыйска-Чарнаморскай судружнасьці краінаў. Гэта пачало рэалізоўвацца, і гэта вельмі добры знак.

Што тычыцца адмоўнага ў Беларусі за мінулы год, першае, што ляжыць на паверхні — прынятыя ўладамі зьмены ў заканадаўстве, якія набліжаюць гэтае заканадаўства да сумнавядомых артыкулаў сталінскага крымінальнага заканадаўства — 58 артыкулу, па якім учыняліся расстрэлы ў Курапатах, высылкі ў Сібір і гэтак далей. Але я вызначыў бы гэта ня самым горшым, бо гэта ідзе не ад сілы ўладаў, а ад слабасьці. Горшае тое, што адбываліся працэсы, калі многія людзі, адраджэнцы дэ-факта, сталі адмаўляцца ад сваёй мовы, ад сваіх нацыянальных сымбаляў, ад бел-чырвона-белага сьцягу”.

(Карэспандэнтка: ) “І які ваш прагноз на наступны год? Чаго вы чакаеце ад 2006 году?”

(Беленькі: ) “Я лічу, што ў наступным годзе гэтыя тэндэнцыі будуць паглыбляцца. Будзе расьці пераасэнсаваньне і набліжэньне да разуменьня рэальнай сытуацыі ў Беларусі і ўнутры беларускага грамадзтва і за межамі яго. Гэта самае галоўнае, што будзе адбывацца. Можа, урэшце гэтыя колькасныя зьмены прымусяць перайсьці да новай якасьці — падрыхтаваць грамадзтва, сытуацыю ў краіне да рэальных, істотных зьменаў”.

***

Радыё Свабода ласкава запрашае слухачоў і наведнікаў пакідаць свае паведамленьні і водгукі. Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш важнымі? Чаго чакаеце ад 2006 году? Калі ласка, дасылайце свае адказы на svaboda.org/forum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG