Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня адбудзецца акцыя cалідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў


Любоў Лунёва, Менск Арганізатары яе — Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская — заклікаюць беларускіх грамадзянаў а 8-й гадзіне вечара пагасіць у кватэрах на 15 хвілінаў сьвятло і паставіць на вокнах сьвечкі. Гэта ўжо трэцяя акцыя, пачынаючы з 16 кастрычніка.

Адна з арганізатарак акцыі, журналістка Ірына Халіп, разьлічвае, што ў ёй возьмуць удзел сотні беларускіх грамадзянаў у розных рэгіёнах краіны.

(Халіп: ) “Першыя дзьве акцыі, якія прайшлі ў кастрычніку і ў лістападзе, паказалі, што народ сапраўды гатовы праяўляць сваю салідарнасьць. Думаю, што сёньня, асабліва ў зьвязку з апошнімі падзеямі, тым, што абвешчаны прэзыдэнцкія выбары, у акцыі салідарнасьці возьме яшчэ большая колькасьць людзей, чым у мінулым месяцы”.

Сябра Рады інтэлігенцыі Зінаіда Бандарэнка трэці раз будзе ўдзельнічаць у акцыі.

(Бандарэнка: ) “Я думаю, што 16-га кожнага месяца — гэта тая лічба, якая вызначае нашу салідарнасьць і мабілізуе ўсё больш і больш людзей. Першы раз было ня так багата сьвечачак, калі я глядзела насупраць свайго дому. Мінулы раз іх было больш. Упэўнена, што сёньня іх колькасьць павялічыцца. Так і павінна быць”.

Мечыслаў Грыб падтрымлівае ідэю акцыі салідарнасьці зь сем’ямі палітвязьняў і зьніклых, але лічыць, што арганізатарам цяжка будзе прыцягнуць да яе ўвагу вялікай колькасьці людзей.

(Грыб: ) “Сьвятая справа. Зразумела, мы таксама падтрымаем гэтую акцыю. А 8-й вечара пагасім сьвятло ў кватэры і паставім сьвечкі на падваконьнік. Далёка ня ўсе ведаюць пра гэтую акцыю. Ну, няма ж ніякіх сродкаў інфармацыі, каб пра яе казаць! “Народнай Волі” няма ў шапіку. Радыё няма, тэлебачаньня няма. Нічога няма! Радыё Свабода таксама слухаюць ня ўсе. Большасьць, абсалютная большасьць людзей ня ведае пра гэтую акцыю”.

У цэнтры Менску на будынках апошні час зьяўляліся налепкі з заклікам далучыцца да акцыі. Але супрацоўнікі міліцыі, як правіла, празь некалькі хвілінаў іх здымалі. Пяцёх сяброў моладзевага руху “Зубр” затрымлівалі за распаўсюд такіх улётак. Міліцыянты ўлёткі пакінулі ў пастарунку, а хлопцаў адпусьцілі без складаньня пратаколаў.

Самі палітвязьні, Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Андрэй Клімаў, якія адбываюць пакараньне на “хіміі” за аганізацыю вулічных дэманстрацыяў, таксама возьмуць удзел у акцыі салідарнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG