Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Пасьля пачатку выбарчай кампаніі ліквідаваць партыі ўжо немагчыма</B>


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства юстыцыі Беларусі вынесла афіцыйнае папярэджаньне пяці палітычным партыям. Партыю БНФ, Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду, Партыю зялёных, Партыю жанчын “Надзея” і Патрыятычную партыю такім чынам пакаралі за адсутнасьць зарэгістраваных структураў у некаторых рэгіёнах. Прадстаўнікі апазыцыі лічаць, што такім чынам улады, магчыма, рыхтавалі ліквідацыю партыяў. Але ў пэрыяд прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі закон забараняе ліквідацыю ці прыпыненьне дзейнасьці партыяў.

Паводле новай рэдакцыі закону “Аб палітычных партыях”, прынятай у ліпені сёлета, кожная партыя павінна мець менскую гарадзкую, а таксама рэгіянальныя арганізацыі ня менш як у чатырох абласьцях краіны. У папярэджаных Мін’юстам партыяў у некаторых абласьцях такіх структураў не было.

Напрыклад, управы юстыцыі летась ліквідавалі Гарадзенскую, Магілёўскую і Віцебскую абласныя арганізацыі Партыі БНФ, бо тыя ня мелі адпаведных памяшканьняў. Прадстаўнікі Партыі БНФ ня раз спрабавалі перарэгістраваць свае абласныя структуры, але безвынікова. Падобная сытуацыя была і ў іншых партыях. І вось Мін’юст вынес ім папярэджаньне. Гаворыць начальнік управы грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі:

(Сьліжэўскі: ) “Невыкананьне патрабаваньняў закону ў новай рэдакцыі, адсутнасьць абласных структураў у належнай колькасьці, як таго патрабуе закон. Дагэтуль мы проста пісалі лісты і прапаноўвалі ўхіліць гэтыя парушэньні”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч лічыць, што Мін’юсту быў дадзены загад ліквідаваць апазыцыйныя партыі, але ў зьвязку з пачаткам прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі зрабіць гэта ўжо немагчыма:

(Івашкевіч: ) “Было стратэгічнае рашэньне пра тое, што трэба ўсіх прыдушыць. Прэсу, партыі, прафсаюзы. Гэтае рашэньне было прынята даўно, і яно стратэгічна выконвалася. І гэтае папярэджаньне было ў графіку задушэньня. Але цяпер гэта ўжо ня мае значэньня, таму што паводле закону, падчас выбарчай кампаніі партыі ня могуць забараняцца. А калі на 19 сакавіка прызначаныя выбары, і пасьлязаўтра пачынаецца пэрыяд выбарчай кампаніі, нас ужо не ліквідуюць”.

Супрацоўнік Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі таксама пацьвердзіў, што ў пэрыяд выбарчай кампаніі беларускае заканадаўства забараняе ліквідацыю ці прыпыненьне дзейнасьці палітычных партыяў.
XS
SM
MD
LG