Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцера Піменава выпусьцілі з брусэльскай турмы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Учора позна ўвечары з брусэльскай турмы пасьля больш чым месячнага арышту быў адпушчаны старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў. Паводле спадара Піменава, бэльгійскія ўлады прызналі, што затрыманы ён быў беспадстаўна.

Калі Зьміцер Піменаў пакінуў тэрыторыю брусэльскай турмы “Ворст”, каля брамы яго ўжо чакалі прадстаўнікі мясцовай дыяспары. Гаворыць спадар Піменаў.

(Піменаў: ) “Мяне выпусьцілі, папрасілі прабачэньня. Сказалі, што гэта памылка, што мяне там трымалі”.

Цікава, што на наступны панядзелак былі прызначаныя судовыя слуханьні ў справе Зьміцера Піменава, у часе якіх павінна было быць вырашана – законна ці не яго арыштавалі і трымаюць у турме, але справа вырашылася хутчэй.

(Піменаў: ) “Ніякіх слуханьняў не было – прыйшла папера ад міністра тэрміновая, каб мяне выпусьціць”.

Ня выключана, што міністэрства прыняло да ўвагі шэраг зваротаў беларусаў з розных краінаў, у тым ліку і старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, з заклікам вызваліць Зьміцера Піменава.

Апошнія пяць дзён за кратамі спадар Піменаў трымаў галадоўку, але, нягледзячы на хворае сэрца, ён адчувае сябе добра. Паколькі арышт быў незаконны, сябры Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня маюць намер абскардзіць дзеяньні паліцыі ў судзе.

(Піменаў: ) “Я думаю, што будзем рыхтаваць паперы ў суд – мы хочам атрымаць кампэнсацыю, якую накіруем на барацьбу за Беларусь”.

Між тым дагэтуль невядома, як магло здарыцца, што Зьміцера Піменава беспадстаўна трымалі за кратамі амаль 40 дзён. Вось як лічыць сам спадар Піменаў.

(Піменаў: ) “Я думаю, што справа ў тым, што нехта пусьціў дэзінфармацыю, і ўся сістэма стала ахвярай нейкай нядобрай махінацыі”.

Зьміцера Піменава затрымалі ў Брусэлі 8 лістапада, калі ён дамагаўся дазволу для беларусаў-удзельнікаў галадоўкі пратэсту, застацца ўначы ў цэнтры гораду – насупраць будынкаў вядучых эўрапейскіх арганізацыяў. На пачатку зьявілася інфармацыя аб тым, што ён нелегальна знаходзіца на бэльгійскай тэрыторыі, аднак гэта аказалася няпраўдай.
XS
SM
MD
LG