Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 19 сакавіка 2006 году


Уладзімер Глод, Менск Так вырашыла сёньня Палата прадстаўнікоў, якая, згодна з Канстытуцыяй, прызначае дату выбараў кіраўніка дзяржавы. За гэта прагаласавалі ўсе 104 дэпутатаў, якія знаходзіліся сёньня ў Авальнай залі.

Уладзімер Канаплёў, які вёў сёньняшняе паседжаньне, паведаміў, што экспэрты ў правядзеньні выбараў прызналі, што найлепшым часам для такіх кампаній зьяўляецца вясеньні пэрыяд. Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Іван Семяненя, які даводзіў калегам неабходнасьць правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў менавіта вясной, прывёў шэраг аргумэнтаў. У прыватнасьці, ён адзначыў, што калі выбары прызначыць на ліпень, дык асноўны пэрыяд падрыхтоўкі да іх прыпадзе на лета, а гэта – пара адпачынкаў. І, нарэшце, восеньню 2006 пачнецца падрыхтоўка да выбараў у мясцовыя саветы, і таму трэба даць разьбежку паміж дзьвюма выбарчымі кампаніямі.

У спрэчках выступіў шэраг дэпутатаў. Сяргей Гайдукевіч сказаў, што ён рыхтуецца да прэзыдэнцкіх выбараў і падтрымлівае рашэньне праводзіць іх вясной, бо гэта найбольш зручны пэрыяд. Зь ім пагадзілася і Вольга Абрамава – яна адзначыла, што хаця шмат хто і чакаў, што выбары будуць прызначаныя на лета, але палітычныя партыі Беларусі “заўжды мабілізаваныя і змогуць актыўна ўдзельнічаць у гэтай кампаніі”. Дэпутат Сяргей Касьцян падкрэсьліў, што Камуністычная партыя Беларусі, у якую ён уваходзіць, яшчэ ў кастрычніку выказалася “за хутчэйшае правядзеньне прэзыдэнцкіх выбараў” і назвала сваім кандыдатам Аляксандра Лукашэнку. “Як кіраўнік Славянскага руху ў Беларусі я заяўляю, што мы будзем працаваць на дзейнага прэзыдэнта,” – абвясьціў Касьцян.

На пытаньне, калі рэальна пачынаецца выбарчай кампанія, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік адказаў, што старт ёй дадзены сёньня. А 12 –й гадзіне пачнецца паседжаньне Цэнтрвыбаркаму.

На 12 гадзін прызначанае таксама пазачарговае паседжаньне штабу кандыдата ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG