Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч мае наведаць Івацэвічы


Алесь Дашчынскі, Менск Кандыдат аб’яднанай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары 2006 году Аляксандар Мілінкевіч завяршае паездку па Берасьцейшчыне. Сёньня ён пабывае ў Івацэвічах. Сярод іншага ён мае правесьці “гарачую” тэлефэнную лінію з жыхарамі гораду, якую абвясьціла а 17-й гадзіне мясцовая недзяржаўная “Газета для вас”.

Учора Аляксандр Мілінкевіч наведаў Бярозу і Белаазёрск. У Бярозе ён сустрэўся з працоўнымі кулінарнага камбіната, з дырэктарам раённага цэнтра занятасьці, а таксама з прадпрымальнікамі на рынку. У Белаазёрску спадар Мілінкевіч сустрэўся з гараджанамі каля гарадзкога Дома гандлю. Падчас сустрэчы на рынку, у якой бралі ўдзел прыкладна 50 чалавек, міліцыянт вінаваціў прысутных у правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу, невядомыя вялі відэаздымкі. Але людзі адмовіліся разысьціся. А вось у сталоўцы Бярозаўскага маторарамонтнага завода сустрэча была сарваная. Вось што кажа прэсавы сакратар Мілінкевіча, Павал Мажэйка.

(Мажэйка: ) “Толькі мы туды прыехалі, аказалася, што сталоўка зачынена. І вакол яе хадзілі людзі ў цывільным якраз з тых, што за намі езьдзілі ўвесь час. Група рабочых падыйшла паабедаць, ім сказалі, што сталоўка сёньня зачынена. На іх пытаньне чаму, сказалі: ”Ну, проста зачынена”.

Паводле Паўла Мажэйкі спэцслужбы працягваюць бесьперапынна сачыць за перамяшчэньнем Аляксандра Мілінкевіча.

(Мажэйка: ) “Увесь час мы адчувалі прэсынг. Па Бярозе, а ў асноўным па Белазёрску езьдзіла чатыры машыны, як мы падлічылі. Яны ўвесь час за намі скіроўваліся, дзе б мы не ехалі. І агулам там было 17 чалавек і ў цывільным, і ў форме. Машына цалкам забітая людзьмі, езьдзіць за намі, за кіраўніком Берасьцейскага абласнога штабу Юрасём Губарэвічам, дэманстратыўна абганяе, перагароджвае дарогу, сьвеціць дальнім сьвятлом фар. Псыхалягічны нейкі прэсынг”.
XS
SM
MD
LG