Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго жыхары Менску чакаюць ад наступнага году?


Сьвятлана Курс, Менск “Якіх падзеяў вы чакаеце ў 2006 годзе ў жыцьці краіны і ў сваім? Што хацелі б зьмяніць, а што жадаеце пакінуць як ёсьць?” – з такім пытаньнем карэспандэнтка “Свабоды” зьвярталася да мінакоў на цяперашнім праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

(Дзяўчына:) “Галоўнае не прачнуцца ранкам 1 студзеня і ня ўбачыць, што ўсё засталося, як раней. Для краіны я жадаю, каб маладыя людзі маглі знайсьці сабе прымяненьне”.

(Карэспандэнтка:) “У тым годзе чакаецца палітычная кампанія. Чаго ад яе чакаць?”

(Дзяўчына:) “Складанае пытаньне, не магу даць адказ”.

(Юнак:) “Думаю, наступны год прынясе шмат прыемных цудаў. Я вучуся ў аграрна-тэхнічным унівэрсытэце і павінны ехаць адраджаць вёску. Адтуль буду прасоўвацца па кар’ернай лесьвіцы. Хачу стаць багатым”.

(Карэспандэнтка:) “Адтуль” – гэта азначае, што вы плянуеце вярнуцца ў горад?”

(Юнак:) “Натуральна, толькі горад”.

(Карэспандэнтка:) “Якіх падзеяў чакаеце ў маштабе краіны?”

(Юнак:) “Наша краіна за 2006 год павінна прасунуцца ў эвалюцыі, адрадзіцца, стаць багатай, і каб пра яе ведалі ва ўсіх куткох сьвету”.

(Мужчына перадпэнсійнага веку:) “Краіна і так някепска жыве. Пра палітыку я разважаць ня буду. Гэта не мая сфэра, я “тэхнар”. Галоўнае – я маю заробак, які мяне задавальняе”.

(Бадзёрая пэнсіянэрка:) “Яшчэ большага квітненьня, чым цяпер, каб у нас было заўжды прыгожа. Я памятаю 1990-ыя. Якая розьніца з тым, што цяпер! Такая прыгажосьць! З Расеі прыяжджаюць, кажуць: ну, вы жывяце пры камунізме!

(Маці з малым сынам:) “Мне было гэты год вельмі цяжка, чакаю толькі палёгкі. Два гады я ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, жыву ў замкнёным сьвеце”.

(Пэнсіянэр з трэснутымі акулярамі:) “У цяперашні час у параўнаньні з постсавецкімі дзяржавамі мы жывём проста цудоўна. Лепш я не хачу, бо лепш ня будзе. У параўнаньні з Украінай-суседкай мы куды лепшыя”.

(Ваенны доктар. 33 гады:) “Для сябе хацелася б новага досьведу – я атрымаў новую спэцыялізацыю. Для краіны хацелася стабільнасьці, а чаго б не хацелася – гэта атрымаць сапраўдны аўтарытарызм у сувязі з гэтымі апошнімі папраўкамі у крымінальны кодэкс. Хацелася б больш свабоды – для людзей, для друку, для слова”.

(Юнак:) “Хацелася б сутыкацца не са штучнымі перашкодамі, а з рэальнымі праблемамі, якія цікава вырашаць. Спадзяюся на пазытыўныя зрухі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах”.

(Мужчына, архітэктар:) “Я думаю больш пра сябе, чым пра краіну. Добра мне – добра краіне. І наадварот. А каб было добра мне і дзецям, я працую. Вось і ўсё”.

(Студэнтка 1-ай мэдвучэльні:) “Хачу, каб краіна наша і далей квітнела. Беларусь узыходзіць на высокі ўзровень, гэта бачна па эканоміцы. А супрацоўніцтва зь іншымі краінамі гэта яшчэ паляпшае”.

(Малады чалавек са значкаю “Гавары па-беларуску” на штрыфлі:) “Нічога не чакаю. У нас і так жывецца добра, хай яно так і будзе. Адно не падабаецца: жывем у Беларусі, але збольшага шмат людзей не паважаюць беларускую мову як роўную рускай. Але гэта трэба зьмяняць ня ў Новым годзе, а зараз. Вось сёньняшнім днём мы вырашылі, што трэба рабіць, дык трэба й рабіць. Хопіць чакаць новых годаў і заўтрашніх дзён”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG