Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ліхога бортніка і мёд горкі


Юры Пацюпа, Горадня Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Пчала – гэта Божы цуд. На лаціне яе імя калючае – apis, па-нямецку звонкае – Bine, а ў нас – чала-вечнае...

І там, дзе пчаліны рой, там заўжды чалавечы рай. Праўда, людзі яшчэ не навучыліся жыць, як пчала, і браць ад прыроды тое, што тая сама з ахвотаю аддае. Але варта вымавіць пчала – адразу ўяўляюцца напятыя ад гарачыні сонечныя прасьцягі, поўныя неба, травы і красак, паміж якімі снуюць руплівыя крылатыя істоты. Асабліва хораша пра гэта ў Аркадзя Моркаўкі:

На ружовыя кветкі усходу, На азёры празрыстай расы Сыпануліся пчол карагоды Дзеля мёду і дзеля красы.

Наземным раем для кожнага шчырага беларуса бачыцца Вялікае Княства Літоўскае зь яго пушчамі, ловамі, Статутам. Зь яго борцямі зьвячыстымі, мядамі, што важыліся бязьменамі, дрэвам бортным і дрэвам пчольным, мядніцамі прэснага мёду і бочкамі хмельнага мёду. У Статуце ўспамінаецца лазьбень – берасьцяны кораб, зь якім лазяць пчолаў, і лезіва – бортніцкі “ліфт”, плецены з лыка. Можа, Статут і ёсьць тым шчырым беларускім Эпасам, якога мы ня згледзелі, не прачыталі? Як тут ня ўспомніць радкоў Старога Ўласа:

Кажуць старыя, калі даць веры, Што былі пушчы, лясы бязь меры, Пчол надта многа, мёду – як гліны, Птаства бязь ліку, процьма зьвярыны, Дзікоў, мядзьведзяў, гусяў і лосяў... Цяпер жа нешта усё зьвялося...

Хіба скажаш ямчэй – мёду, як гліны! А Рыгор Барадулін да гэтага дадае: “На Беларусі пчолы, як гусі”. На жаль, сёньня нават пчаляры ня ведаюць, што такое каранік, вулейніца, сьлепецень, хлябок... Гэта – як той далёкі, страчаны рай!

Але... рай раем, а бортнікі ліхія здараюцца. Нашыя продкі не былі ідэалістамі. Яны ведалі: дзе мёд – там і яд, дзе слодыч – там і горыч, дзе дабро – там і зло. Дарэчы, гульня дабра і зла таксама мае сваё хараство. Пра іх пабрацімства пісалі паэты. “Рупная пчала ўмее ў соты мёд зыбраць і з горкіх кветак”, – казаў Максім Багдановіч. “Мёд пчаліны і яд пчаліны – не зусім чужародныя рэчы”, – нагадваў Мікола Хведаровіч. А яшчэ раней, у XVIII стагодзьдзі, Кароль Жэра занатаваў прыгожую прымаўку: у ліхога бортніка і мёд горкі. Усё так проста, што ня трэба й тлумачыць...

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
XS
SM
MD
LG