Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2005 год – у галасах палітыкаў сьвету (частка першая)


Вячаслаў Ракіцкі, Прага На зыходзе 2005-ы год. Якім ён быў для сьвету? Як чалавецтва змагалася з гвалтам і адстойвала мір, перамагала галечу і прыродныя катастрофы? Ці стаў гэты год лепшым, болей камфортным для жыцьця чалавека на Зямлі? Ці дзейснымі былі сёлета адказы палітыкаў на выклікі 21-га стагодзьдзя? Шукаючы адказу на гэтыя пытаньні, варта ўзгадаць самыя важныя для міжнароднай супольнасьці падзеі, якія ўжо становяцца здабыткам гісторыі. У нашым эфіры – 2005 год у галасах палітыкаў сьвету.

Перадача першая: Студзень – сакавік

2 студзеня. Нью-Ёрк. Пасьля цунамі ў паўднёвай Азіі. Каардынатар ААН Ян Эгеланд паведамляе журналістам:

“Мы павінны забясьпечыць харчовай дапамогай прыблізна адзін мільён 800 тысяч людзей у пацярпелых краінах. Толькі за апошні дзень гэтая лічба вырасла амаль на сто тысяч. І яна будзе расьці надалей”.

***

18 студзеня. Тулуза. Францыя. Эўрапейская кампанія “Airbus” афіцыйна прэзэнтуе найбуйнейшы ў сьвеце пасажырскі самалёт А-380. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр падкрэсьлівае:

“Гэта – найцікавейшы новы самалёт у сьвеце. Гэта – сымбаль эканамічнай моцы, тэхналягічных навінак, адданых працоўных кадраў і, перадусім, упэўненасьці ў тым, што мы можам канкураваць і перамагаць на ўсясьветным рынку”.

***

20 студзеня. Вашынгтон. Цырымонія інаўгурацыі прэзыдэнта Злучаных Штатаў. Джордж Буш у сваёй прамове заяўляе:

“Захаваньне нашай свабоды ў вялікай ступені залежыць ад дасягненьня свабоды ў іншых краінах. Найлепшай надзеяй на мір на Зямлі можа быць толькі трыюмф свабоды ва ўсім сьвеце”.

***

23 студзеня. Кіеў. Віктар Юшчанка – новы прэзыдэнт Украіны – прымае прысягу, паклаўшы правую руку на Біблію – першую Бібліі, перакладзеную на ўкраінскую мову:

“Я, Віктар Юшчанка, волею народу абраны прэзыдэнтам Украіны, уступаючы на гэтую высокую пасаду – ўрачыста прысягаю на вернасьць Украіне. Я забавязваюся ўсімі сваімі справамі бараніць сувэрэнітэт і незалежнасьць Украіны, дбаць пра дабро Айчыны і дабрабыт украінцаў, адстойваць правы і свабоды грамадзянаў, прытрымлівацца Канстытуцыі Ўкраіны і законаў Украіны.”

***

30 студзеня. Багдад. Іракцы прагаласавалі за кандыдатаў у Нацыянальную Асамблею – парлямэнт краіны. У інтэрвію Радыё Свабода часовы прэзыдэнт Іраку Газі аль-Явар не хавае сваёй радасьці:

“Я – горды. Я – шчасьлівы. Я перажыў вялікую радасьць гэтай сьвятой раніцай. Віншую ўсіх іракцаў. І я кажу ім усім: Вы прагаласавалі за Ірак.”

***

10 лютага. Пхэньян. Паўночная Карэя абвяшчае, што яна мае ядзерную зброю. Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў афіцыйна заяўляе:

“ Мы зрабілі рашучы крок: выйшлі Пакту аб непашырэньні ядзернай зброі і вырабілі ядзерную зброю дзеля самаабароны, каб супрацьстаяць ўсё больш непрыхаванай палітыцы адміністрацыі Буша, скіраванай на ізаляцыю і задушэньня КНДР”.

***

14 лютага. Каір. У зьвязку з забойствам былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры генэральны сакратар Арабскай Лігі Амр Муса заяўляе:

“Я вельмі расстроены, што мы згубілі Рафіка Харыры, вялікага арабскага лідэра і вельмі паважанага лібанскага палітыка, які ўсё сваё жыцьцё служыў Лібану, арабскаму сьвету, агульнай арабскай справе і агульным арабскім інтарэсам. Гэта жахлівае злачынства.”

***

5 сакавіка. Рым. Падрабязнасьці забойства амэрыканскімі вайскоўцамі ў Іраку супрацоўніка італьянскіх спэцслужбаў на прэсавай канфэрэнцыі паведамляе прэм’ер-міністар Італіі Сільвіё Бэрлюсконі:

“Аўтамабіль нашых агентаў быў зусім побач з лётнішчам. Адзін з нашых агентаў размаўляў па тэлефоне з калегамі ў Італіі пра падрыхтоўку да адлёту самалётам, калі аўтамаббіль пад’ехаў да амэрыканскага КПП. Пачалася страляніна, некалькі куляў патрапілі ў аўтамабіль. Афіцэр спэцслужбаў Ніколя Каліпары прыкрыў сваім целам спадарыню Сгрэну. Куля патрапіла ў яго, сьмерць накступіла імгненна. Асколкі трапілі ў плячо спадарыні Сгрэны. І яшчэ два агенты агенты былі параненыя.”

***

24 сакавіка. Бішкек. Кіргізскі прэзыдэнт Аскар Акаеў уцёк з краіны ў выніку “тульпанавай рэвалюцыі”. Лідэр апазыцыі Тапчубек Тургуналіеў, зьвяртаючыся да людзей, гаворыць пра будучы ўрад краіны:

“Гэта будзе пераходны ўрад ці ўрад народнага ўратаваньня, ці кааліцыйны ўрад, у які ўвойдуць многія палітычныя партыі, пераважна з апазыцыйнай кааліцыі – Народнага Адзінства Кыргызстану.”

(Працяг будзе)

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG