Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады завялі справу на рэдактара незалежнага бюлетэня за карыкатуру


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне заведзеная адміністрацыйная справа на рэдактара незалежнага інфармацыйнага бюлетэня “Назіральнік” Паўла Красоўскага, які падазраецца ў парушэньні закону аб друку іншых сродках масавай інфармацыі. Яму пагражае штраф.

Рэдактар “Назіральніка” неаднаразова патрапляў у поле зроку жодзінскіх праваахоўных органаў. Як кажа Павал Красоўскі, ягоны бюлетэнь падае незалежную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічныя праблемы горада. Калі пабачыў сьвет чацьвёрты нумар, то рэдактар быў выкліканы для тлумачэньняў:

(Красоўскі: ) “Мне сказалі, што на мяне хочуць завесьці справу па факце зьнявагі дзяржаўнай асобы. Яны спачатку мелі прэтэнзіі да выходных дадзеных газэты. Яны казалі, што іх прасілі праверыць выходныя дадзеныя, але пасьля таго як яны заблыталіся з пытаньнем: ці лічыць гэту газэту друкаванай прадукцыяй, пэрыядычнай, ці яна рэгулюецца законам аб сродках масавай інфармацыі? Пасьля гэтага яны знайшлі такі артыкул.

У міліцыі прычапіліся да карыкатуры, якую даслалі мне жыхары горада Жодзіна па электроннай пошце і папрасілі надрукаваць. Гэта малюнкі, у якія ўстаўленыя фотаздымкі твараў шэрагу нашых чыноўнікаў”.

На яго думку, зьмешчаныя малюнкі маюць гумарыстычны характар і не могуць лічыцца абразьлівымі для жодзінскіх чыноўнікаў. Аднак міліцыянты склалі на рэдактара “Назіральніка” пратакол, паводле якога той нібыта парушыў адміністратыўнае заканадаўства.

Супрацоўнік жодзінскай міліцыі Вячаслаў Ільіч пацьвердзіў, што да рэдактара незалежнага бюлетэня насамрэч ёсьць прэтэнзіі:

(Ільіч: ) “Газэту можна выдаваць у адпаведнасьці з законам аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі. А калі гэты закон не выконваць, то такая дзейнасьць зьяўляецца супрацьзаконнай”.

Супрацоўнік міліцыі удакладніў, што рэдактар “Назіральніка” парушыў 172 артыкул адміністратыўнага кодэксу, які ўстанаўлівае адказнасьць за незаконны выраб і распаўсюд сродкаў масавай інфармацыі. Павал Красоўскі, аднак, лічыць сваю дзейнасьць законнай. Паводле зьвестак рэдактара, міліцыянты перадалі яго справу на разгляд жодзінскага суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG