Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Аўтуховіча перавезьлі ў турэмны шпіталь у Менску


Сяргей Астраўцоў, Горадня Прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч пераведзены з гарадзенскай турмы ў рэспубліканскі турэмны шпіталь у Менск. 63 дні таму ён абвясьціў галадоўку, пратэстуючы супраць свайго арышту.

Адвакат Аўтуховіча Галіна Іванова атрымала сёньня вуснае пацьверджаньне, што прадпрымальніка перавялі ў турэмны шпіталь у сталіцу. Дакладныя прычыны ёй пакуль невядомыя, яны павінны быць указаныя ў пісьмовым адказе, якога яна чакае.

Вядома, аднак, што напярэдадні ў выніку працяглай галадоўкі стан Мікалая Аўтуховіча пагоршыўся, яму было цяжка ўзьнімацца з ложка і хадзіць, узьніклі праблемы са зрокам. З прычыны гэтага ён нават прасіў сьледчага прыносіць яму ў камэру матэрыялы крымінальнай справы супраць яго, якія яму належыць вывучыць.

Турэмны шпіталь знаходзіцца ў сталіцы на тэрыторыі папраўчай калёніі на вуліцы Кальварыйскай. Начальнік шпіталя Міхаіл Птушынскі паведаміў, што паводле службовых абавязкаў ня можа даваць інфармацыю адносна Мікалая Аўтуховіча:

(Птушынскі:) “Вы можаце афіцыйна зьвярнуцца да нашых вялікіх чыноў, і калі яны вам дазволяць, мы тады вам усё скажам. А так мы ніяк ня можам”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта значыцца, вы зараз ня можаце ні станоўча ні адмоўна адказаць?”

(Птушынскі :) “Не, вы толькі можаце да начальніка установы зьвярнуцца, альбо да начальніка дэпартамэнту, вось так. Мы ж службовыя людзі”.

***

Мікалай Аўтуховіч абвінавачаны паводле другой часткі артыкула 243 Крымінальнага кодэксу — ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. З моманту арышту ён распачаў за кратамі галадоўку пратэсту, хаця кіраўніцтва турмы заяўляе, што Мікалай Аўтуховіч спажываў мёд, вітаміны, атрымліваў кропельніцу.

З увагі на ягоны стан здароўя, адвакаты прасілі зьмяніць яму меру стрыманьня альбо шпіталізаваць яго. Дарэчы, сам Аўтуховіч толькі не хацеў трапляць у шпіталь турэмны. Пасьля заканчэньня сьледзтва з 14 сьнежня Аўтуховічу працягнулі тэрмін знаходжаньня пад вартай яшчэ на месяц, хаця ён прасіў выпусьціць яго да суду з падпіскай аб нявыезьдзе.
XS
SM
MD
LG