Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хартыя’97” уручыла прэміі за 2005 год (фотарэпартаж)


Любоў Лунёва, Менск У офісе “Хартыі’97” адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэньня прэміяў за 2005 год у галіне абароны правоў чалавека. Ніводзін з пэрсанальных ляўрэатаў не прысутнічаў на ўрачыстасьцях. Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Андрэй Клімаў за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў адбываюць пакараньне на “хіміі”. Мікола Аўтуховіч і Сяргей Скрабец знаходзяцца за кратамі. Прэміі таксама атрымалі дзьве арганізацыі — Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа і Саюз палякаў Беларусі.

За Міколу Статкевіча і Сяргея Скрабца прэміі атрымалі іхныя жонкі. За Міколу Аўтуховіча і Андрэя Клімава — іхныя паплечнікі.

Андрэй Саньнікаў і Зьміцер Бандарэнка казалі шмат цёплых словаў пра ляўрэатаў. Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Сяржук Лісічонак прадстаўляў Паўла Севярынца:

(Лісічонак: ) “Хаця Павал і знаходзіцца за сотні кілямэтраў ад цэнтру падзеяў, але ён застаецца з намі, з дэмакратычнымі сіламі і, перш за ўсё, зь беларускай моладзьдзю. Ён наш ідэйны натхняльнік, наш правадыр, бо дае нам прыклад маральнасьці, прынцыповасьці. Ён шмат робіць для дэмакратыі ў Беларусі”.

Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Андрэй Клімаў, Сяргей Скрабец і Мікола Аўтуховіч атрымалі прэмію “За асабістую мужнасьць”. Дзьве арганізацыі — Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа і Саюз палякаў Беларусі — “За абарону правоў і свабодаў чалавека”.

Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас прыйшоў на цырымонію разам зь ліцэістамі Максімам Русьцем і Аленай Сіўцовай.

(Колас: ) “Атрымліваць прэміі ў нейкіх шыхоўных інтэр’ерах у такі час — гэта непрыстойна. Наагул, у такі час жыць добра, багата і рабіць кар’еру — непрыстойна. Нічога непрыстойнага, упрынцыпе, у гэтым няма, але ў нармальнай краіне. У нас гэта непрыстойна, бо немагчыма рабіць гэта сумленным шляхам”.

Прэмію Саюзу палякаў Беларусі ўручаў Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Яны дэманструюць выключную салідарнасьць і выключную мужнасьць. Яны зрабілі шмат для дэмакратыі ў Беларусі, шмат для міжнароднай падтрымкі гэтай дэмакратыі. Менавіта для Беларусі Саюз палякаў шмат чаго робіць”.

Анжаліка Борыс не змагла прысутнічаць на цырымоніі ўручэньня прэміяў. Ад імя арганізацыі выступіў журналіст Анджэй Пісальнік.

(Пісальнік: ) “Такія праявы салідарнасьці з палякамі з боку беларусаў ды іншых народаў, якія жывуць у Беларусі, разбурае гэты міт, што палякі нібыта хочуць аддзяліць рэштку заходняй Беларусі ад тэрыторыі і чатырохпрацэнтнай меншасьцю арганізаваць тут нейкую рэвалюцыю”.

Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў і Павал Севярынец маюць магчымасьць атрымаць прэміі ад сваякоў. Мікола Аўтуховіч і Сяргей Скрабец знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах і пакуль пазбаўленыя такой магчымасьці.

Фотарэпартаж з цырымоніі







Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG