Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША зьезьдзіў у Бабруйск


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў Джордж Крол узяў удзел у адкрыцьці амэрыканскага кутка ў бабруйскай гарадзкой бібліятэцы імя Пушкіна.

На цырымоніі адкрыцьця Джорджа Крола вітала магілёўскія чыноўнікі на чале зь намесьнікам старшыні райвыканкаму Ігарам Кузьняцовым. Бабруйск стаў дванаццатым горадам, у якім з ініцыятывы амэрыканскай амбасады адкрыліся такія куткі. Гарадзкая бібліятэка атрымала кампутары і відэатэхніку на 20 тысяч даляраў.

Падчас свайго выступленьня Джордж Крол падкрэсьліў, што такія куткі ня ёсьць падарункам, але інвэстыцыяй у будучыню — каб беларуска-амэрыканскія дачыненьні сталі цясьнейшымі і лепшымі. Аднак у яго склалася ўражаньне, што дзяржаўныя мэдыі асьвятляюць толькі нэгатыўнае, што ёсьць у амэрыканцаў, і нічога не паведамляюць пра станоўчае. Амбасадар выказаў надзею, што прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе будуць празрыстымі, адкрытымі і дэмакратычнымі.

Першымі наведнікамі амэрыканскага кутка сталі супрацоўнікі бібліятэкі, школьнікі і журналісты. Цяпер чытачы змогуць пазнаёміцца зь творчасьцю амэрыканскіх аўтараў, якія адлюстроўваюць культуру, мову, гісторыю амэрыканскага народу. Амэрыканскі амбасадар прызнаўся, што захапляецца творамі Ўладзімера Караткевіча і Васіля Быкава і марыць, каб кніга Быкава “Доўгая дарога дадому” была перакладзеная на замежныя мовы.

На заканчэньне амбасадар і дырэктар бібліятэкі падпісалі дамову пра супрацоўніцтва, а бібліятэка атрымала 2 тысячы даляраў на інтэрнэт-паслугі.

Амэрыканская амбасада ня першы раз аказвае такую дапамогу жыхарам вобласьці. 30 лістапада ў Магілёве адкрылі экспазыцыю “Магілёў часоў магдэбурскага права”, на якую амэрыканская амбасада выдзеліла 9500 даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG