Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім запомніўся 2005 год віцебчукам?


Браніслава Станкевіч, Віцебск 2005 год набліжаецца да завяршэньня. Якімі адметнымі падзеямі, станоўчымі і адмоўнымі, ён запомніўся жыхарам Віцебску? Пра гэта ў людзей на вуліцах гораду пыталася наша карэспандэнтка.

(Карэспандэнтка: ) “Чым вам запомніўся адыходзячы 2005 год? Якія падзеі ў вашым жыцьці — станоўчыя і адмоўныя — падаюцца вам найбольш важнымі? Што вы можаце згадаць?”

(Спадарыня: ) “У гэтым годзе мы пажаніліся. У нас ужо хутка будзе дзіця. А дрэннага пакуль нічога не было”.

(Спадар: ) “Дый усё было па-старому, зьменаў ніякіх не было, асабліва ў лепшы бок. Застой у нас пакуль, як у час Брэжнева. Цяпер чакаем выбараў у наступным годзе. Можа, тады нешта будзе да лепшага мяняцца. Хаця, мне здаецца, наўрад ці так будзе”.

(Спадарыня: ) “У мяне было ўсё добра. Я знайшла сабе мужа ў 2005 годзе. А дрэннае магу згадаць — гэта тыя два выбухі, што былі ў Віцебску. Яны нас дужа напалохалі, мы нават баяліся на вуліцу выходзіць. Толькі б у наступным годзе не было нічога такога!”

(Хлопец: ) “2005-ты быў для мяне самы насычаны і запамінальны за ўсе 25 год майго жыцьця! Абедзьве найважнейшыя падзеі, і самая добрая, і самая дрэнная, зьвязаныя з адным чалавекам у маім лёсе: я сёлета сустрэў самага лепшага ў жыцьці сябра і сёлета ж яго страціў. Я спадзяюся, што мы зь ім яшчэ сустрэнемся, бо ён цяпер за мяжой. Увогуле, мы ўсе сёлета гублялі шмат сяброў. Да прыкладу, для мяне добрым сябрам была газэта “Наша Ніва”, а цяпер я няпэўны, што буду яе атрымліваць рэгулярна, як раней”.

(Спадарыня: ) “Сёлета ў нашым жыцьці здарылася такая падзея, якую можна лічыць адначасова і добрай, і дрэннай. Мы атрымалі новую кватэру згодна са знакамітай прэзыдэнцкай праграмай па сацыяльнай падтрымцы шматдзетных сем’яў. Кватэра выдатная, аж 102 квадратныя мэтры, месца цяпер усім хопіць. Але нам яе даюць без унутранай апрацоўкі, і там няма ні шпалераў, ні падлогі, ні ўсяго іншага, што трэба рабіць за ўласныя грошы. Там нават няма дзьвярэй у прыбіральні!”

(Спадар: ) “Гэты год быў нейкі ніякі. Нічога надзвычайнага ня здарылася ні на працы, ні ў сямейным жыцьці”.

(Дзяўчына: ) “Год запомніўся добрай падзеяй: мы з маім каханым вызначылі нарэшце час нашага будучага вясельля — наступным летам. А дрэннае тое, што сёлета было задужа шмат працы. Я ўжо звыкла, каб на працы паўдня працаваць, а потым адпачываць. А тут працаваць даводзіцца ўвесь дзень, і гэта для мяне ня дужа добра”.

(Спадар: ) “Мяне вельмі цешыць, што мая маленькая дачушка сёлета ня дужа шмат хварэла. Але, зь іншага боку, я не адчуў ніякага руху ў грамадзкім і сацыяльным жыцьці. Хаця ён недзе ўжо нараджаецца ў глыбіні, гэты рух да вясны, рух да свабоды. А так, я думаю, гэта быў вельмі халодны, часам безнадзейны год — прынамсі, у маім жыцьці”.

***

Радыё Свабода ласкава запрашае слухачоў і наведнікаў пакідаць свае паведамленьні і водгукі. Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш важнымі? Чаго чакаеце ад 2006 году? Калі ласка, дасылайце свае адказы на svaboda.org/forum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG