Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Важныя падзеі 2005 году для гомельскага актывіста Васіля Палякова


Казімер Яноўскі, Гомель Старшыня гомельскай гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай гарамадзянскай партыі, выкладчык ліцэю Васіль Палякоў згадвае пра найбольш важныя падзеі 2005 году.

(Палякоў: ) “Самая значная падзея 2005 году — гэта абраньне адзінага прэтэндэнта Ўладзімера Мілінкевіча на ўдзел у маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах і аб’яднаньне вакол Мілінкевіча ўсіх дэмакратычных сілаў. Гэта вельмі станоўчая падзея. Справа ў тым, што ў 2001 годзе так і не атрымалася вызначыцца да пачатку выбарчай кампаніі з адзіным прэтэндэнтам. Гэта давялося рабіць ужо падчас самой кампаніі. Цяпер мы маем час, каб правесьці эфэктыўную перадвыбарчую кампанію і атрымаць перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах.

Для мяне асабіста ў адыходзячым годзе ніякіх адмоўных падзеяў не было. Магчыма, для грамадзтва адмоўнай падзеяй былі тыя зьмены, тыя папраўкі, што ўнесены ў Крымінальны кодекс. Але я не магу разглядаць дадзеныя папраўкі толькі як адмоўную падзею. Гэтымі папраўкамі дзяржава дэманструе, што яна ўжо ня можа выкарыстоўваць тых сродкаў, якія выкарыстоўваліся раней. Яна слабее з кожным годам, і таму вымушаны зьвяртацца ўсё ў большай і большай ступені да запалохваньня грамадзтва.

У 2006 годзе свае спадзяваньні я зьвязваю са спадзяваньнямі грамадзтва. Беларускае грамадзтва ўжо заслужыла свабоду. Яно ня можа далей разьвівацца ў такіх палітычных умовах, і гэта разумее большасьць. Спадзяюся, што ў 2006 годзе перамены адбудуцца, грамадзяне выкажуць свае меркаваньні. Але тут патрэбная супольная праца, і адзінага прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, і тых людзей, якія яго цяпер падтрымліваюць”.

***

Радыё Свабода ласкава запрашае слухачоў і наведнікаў пакідаць свае паведамленьні і водгукі. Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш важнымі? Чаго чакаеце ад 2006 году? Калі ласка, дасылайце свае адказы на svaboda.org/forum.
XS
SM
MD
LG