Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гаварылі Лукашэнка і Пуцін?


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка сёньня зь незаплянаваным аднадзённым рабочым візытам наведаў Расею і правёў перамовы з расейскім кіраўніком Уладзімерам Пуціным. Сустрэча праходзіла ў чарнаморскай рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі “Бачароў ручай”. Як паведамілі афіцыйныя крыніцы, бакі абмеркавалі двухбаковыя дачыненьні ў энэргетычнай сфэры, саюзнае будаўніцтва і перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін прыбыў у Сочы незадоўга да прыезду Аляксандра Лукашэнкі — а палове на чацьвертую раніцы. Празь сем гадзін туды ж прыляцеў Аляксандар Лукашэнка. Першапачаткова паведамлялася, што на парадку дня сустрэчы тры пытаньні: праект Канстытуцыйнага акту так званай саюзнай дзяржавы, стварэньне роўных умоваў для грамадзянаў абедзьвюх краінаў і праект саюзнага бюджэту на 2006 год.

Гэтыя ж пытаньні павінны абмеркаваць 19 сьнежня кіраўнікі ўрадаў Беларусі і Расеі на паседжаньні так званага саюзнага Саўміну ў Маскве. Паводле завядзёнкі, менавіта пасьля саюзнага Саўміну падрыхтаваныя праекты перадаюцца на зацьвярджэньне кіраўнікоў Расеі і Беларусі на так званым паседжаньні Найвышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Што прымусіла кіраўнікоў Расеі і Беларусі памяняць гэтую завядзёнку і апярэдзіць прэм’ераў? Аляксандар Лукашэнка перад сустрэчай з Пуціным сам прызнаў, што хоча абмеркаваць зь ім шэраг пытаньняў сам-насам.

“Мы напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Вы ведаеце, што адбываецца вакол нашай краіны. Хачу паінфармаваць вас у гэтым пляне, і вы абяцалі штосьці распавесьці”, — сказаў Лукашэнка Пуціну перад пачаткам размовы за зачыненымі дзьвярыма. Уладзімер Пуцін заявіў, што адносіны зь Беларусьсю разьвіваюцца пасьпяхова па ўсіх лініях, у тым ліку ў эканамічнай і вайскова-тэхнічнай сфэрах, і паабяцаў своечасова падрыхтаваць рашэньні наконт паставак у Беларусь нафты і газу ў новым годзе, а таксама наконт крэдыту:

(Пуцін: ) “Хачу пацьвердзіць нашы дамоўленасьці, якія датычаць адносінаў паміж нашымі фінансавымі ведамствамі. Вы памятаеце, мы казалі пра неабходнасьць падтрымаць нашых беларускіх партнэраў, каб у справе энэрганосьбітаў выйсьці на збалянсаванае рашэньне. Урад Расеі падрыхтаваў неабходныя дакумэнты, спадзяюся, што да канца гэтага году яны будуць ухваленыя”.

Аляксандар Лукашэнка публічна падзякаваў прэзыдэнту Расеі за своечасовыя пастаўкі газу і нафты ў Беларусь.

(Лукашэнка: ) “Хачу вам падзякаваць, Уладзімер Уладзімеравіч, за тое, што і ўрад, і энэргетычныя кампаніі вашы даручэньні выканалі. Мы практычна выпрацавалі кантракт на пастаўкі энэрганосьбітаў. Мы навучыліся эканоміць, і прыстойна эканоміць, сёлета мы, можа, і ня выберам аб’ёмаў газу і нафты, бо нам дастаткова было для нашай эканомікі”.

На думку менскага палітоляга Аляксея Караля, энэргетычная тэматыка не была галоўнай падчас перамоваў А.Лукашэнкі і У.Пуціна. Спадар Кароль перакананы, што беларускі кіраўнік паехаў прасіць падтрымку перад будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі і прызнаньне іх вынікаў:

(Кароль: ) “Расея ж у сваім галоўным памкненьні хацела б захаваць уплыў на Беларусь, магчыма, ужо не ў фармаце далучэньня да фэдэрацыі, але, тым ня менш, вядучыя пазыцыі тут зьберагчы. І з гэтага пункту гледжаньня відаць, што Лукашэнка будзе імкнуцца давесьці, што Захад вельмі небясьпечны для Расеі, калі яна не падтрымае Беларусь”.

Тое ж, што Лукашэнка і Пуцін абмяркоўвалі сытуацыю вакол Беларусі, то тут, на думку спадара Караля, іх непакоіць пазыцыя краінаў Захаду, якія гатовыя падтрымаць дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG