Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паперня - яшчэ адна радзіма Апалінэра?<B>(фота)</B>


Віталь Сямашка, Паперня, Лідзкі раён (эфір 15 сьнежня)

Бадай, усе буйныя вёскі на Лідчыне месьцяцца ўздоўж Нёману. Паперня ці не адзіная вёска, побач зь якой амаль высахлая рачулка Лябяда. Дый яшчэ тутэйшыя заўжды лічылі сабе палякамі. Я спытаў аднаго папярнянскага старога:

(Карэспандэнт: ) “Раней вёска польская была?”

(Стары: ) “Польская і цяпер…”

Стары сарамліва хітнуў галавой і на пытаньне пра тое, ці гэтак жа павальна, як раней, тут гоняць самагон. Але дзеля прыезду ў Паперню ў мяне была асаблівая падстава. Мой добры знаёмы, лідзкі гісторык ды краязнаўца Валеры Сьліўкін, назапасіў надзвычай цікавы матэрыял, некаторыя факты зь якога ўпрыгожаць і нашу перадачу.



(Сьліўкін: ) “Паперня на Лідчыне — вёска асобая. У 1954 годзе, калі на бандэраўскай Заходняй Украіне ўсе ўступілі ў калгасы, вёска Паперня не хацела ўступаць. Як да іх ні чапляліся... Прыедуць, спрабавалі лавіць гэтых сялян, а той кідае каня ды ў лес — сядзіць, паглядае адтуль. У Лідзе ёсьць вуліца Наскова, я дакапаўся, хто ж такі Наскоў — кадэбэшнік, прыехаў у Паперню вылоўліваць акаўскую банду тэрарыстычную, мусіць, і цяпер яны там ёсьць, “ешчэ Польска не згінэла, і мы сваё возьмем”! І зайшоў ён у хату — ляжыць на ложку чалавек. “Дакумэнты”! А той дастае пісталет і пальнуў у яго. А вакол — кадэбэшнікаў! Яны ўляцелі ў хату, забілі яго, але і Наскоў загінуў. А быў 1949 год, практычна ўсіх акаўцаў павыбівалі, а ў Паперні яны сядзелі”.

Я ў Паперні. Шукаю хату легендарнага тут 85-гадовага Яся Новіка. Ведаю ўжо, што польскі ўрад рэгулярна сплачвае яму пэнсію 150 даляраў на квартал — як вэтэрану другой усясьветнай. Перада мной, здаецца, бясконца доўгая вуліца, выкладзеная брукаванкай — яшчэ за польскім часам. Нікога не відаць, хоць тут 260 насельнікаў. Нарэшце бачу маладую дзяўчыну. Лішне казаць, не прамінуў пагутарыць з Вальжынай — так адрэкамэндавалася.

(Вальжына: ) “Едзеш раніцай, сьвета ў Паперні наагул няма — туман, туман. Прычэп паставіўшы нехта пасярод вуліцы, дык зачапілася роварам, стукнулася галавой, локці пазьбівала”.

Суразмоўніца паказвае хату спадара Новіка. Стаіць на пагорку, на ўскраіне Паперні. На непафарбаванай сьцяне — польскі герб. Хата зачынена. У пошуках гаспадара гадзіну лётаю па суседзях. І калі канчаткова трачу надзею, натрапляю на нізенькага чалавека ў традыцыйнай вушанцы — гэта ён і ёсьць. Жывыя, зусім не старэчыя вочы. Шчыра ўзрадаваўся, калі даведаўся, адкуль я.



(Новік: ) “Ці слухаю Радыё Свабода? Ой, хораша гаворыць! Слухаю “Свабоду” ды імшу польскую ў нядзелю…”

Дзядзька Ясь ударыўся ва ўспаміны:

(Новік: ) “У нас бацька ў доме быў, двое братоў, сястра, і я чварты. Мелі карову, каня, зямлі пару гектараў. Пазабіралі ад нас усё. Камуністы мэнчылі тады ўсё — о-ох, міленькі мой, нас ацерабілі! Кантынгент наложаць — на столькі картоплі. Карову, каня забралі, воз, што тата-нябожчык зрабіў. Гора, хай яго… У сорак першым саветы забралі мяне ў войска. Я быў у кіроўцах у сапэраў, міны падвозіў. Каля Віцебску акружылі, прыгналі нас у Воршу — многа было, ая-яй! А з Астрыны пагналі ў Сувалкі на Беласточчыне. Там ганялі на працу. А мяне немцы дадзяржалі — 40 кіляграмаў важыў я. Мяне ўзялі, адправілі ў Паперню”.

У 1943-м Ясь Новік уступіў у шэрагі Войска Польскага — дарэчы, на запрашэньні акаўцаў ён не адгукаўся.

(Новік: ) “Абмундзіравалі ў польскае адзеньне, быў зэнітчыкам, зараджаючым. Але так размоклі на шпацыры, што і немец скончыўся. Да Варшавы не дайшлі, паўстаньне было — усё разбуранае…”

Сямнаццаць гадоў пасьля таго спадар Новік працаваў малаказборшчыкам у калгасе. Але мінулае яму баліць дагэтуль.

(Новік: ) “А колькі людзей яны забілі ў Катыні — 11 тысяч афіцэраў! А потым скінулі: немец забіў. Яны забілі! Не ўважаюць нікога, толькі сябе”.

Вы ўжо чулі, што дзядзька Ясь цікавіцца і сучасным палітычным жыцьцём. Кажа, што яго не падмануць:

(Новік: ) “А каб яго халера — з гэтым Лукашэнкам, як ён нарабіў! Шчэ хужай, чым было. Але думаюць выбраць яго — я атрымоўваю “Глос над Нёмна”, дзе апісваюць гэта”.

Дзядзька Ясь рэгулярна наведвае месца пахаваньня паноў Кастравіцкіх, роду якіх з 19 стагодзьдзя належала Паперня.

(Новік: ) “Тут у нас фальварак быў двухпянтровы. Прыйшоў прадсядацель з Радзівонішак, усё ўзарвалі — дом Кастравіцкіх. І каплічка стаяла, і помнік “Ігнаці і Марыя Кастравіцкія”. А цяпер кароўнік стаіць. Ой…”



Галінаў роду Кастравіцкіх у Беларусі шмат. І амаль кожная мясцовасьць, дзе некалі жыў які-небудзь Кастравіцкі, аспрэчвае права лічыцца радавым гняздом славутага францускага паэта Гіёма Апалінэра, які нарадзіўся ў Рыме, але меў беларускія карані. На Слонімшчыне, Наваградчыне, Дзісеншчыне краязнаўцы рупліва дасьледуюць гістарычныя крыніцы, шукаючы доказаў паходжаньня Апалінэра менавіта зь іхных мясьцінаў. Цяпер да прэтэндэнтаў на званьне малой радзімы паэта далучылася і вёска Паперня на Лідчыне. Вось што назапасіў адносна Кастравіцкіх з розных гістарычных крыніцаў гісторык Валеры Сьліўкін — і гэта, бадай, таксама не апошняя вэрсія.

(Сьліўкін: ) “Зьдзіўляе, што яны ўсе таленавітыя. Мне найбольш падабаецца Мэланьня Кастравіцкая. Мэланьня была дачкой Апалінарыя Кастравіцкага, які валодаў Паперняй. І вось яна зьехала ў Італію, потым у Вену, і тут пачынаюцца таямніцы. Двое Кастравіцкіх, ніколі ня ведаўшы адно аднога, сустрэліся і закахаліся. Польскі пісьменьнік Анатоль Астанэк даказаў пра сына Мэланьні Кастравіцкай. А ён быў і сынам Напалеона другога, сына Напалеона Банапарта. І трэба ж так здарыцца, што сустрэліся Вольга Кастравіцкая і гэты сын Мэланьні. І ад іх нарадзіўся вядомы паэт Апалінары Кастравіцкі, вядомы ўсім як Гіём Апалінэр. Ён у трэцім пакаленьні папярнянін, атрымліваецца!”

* * *

У Паперні разам са мной вылез з “рафіку” адзіны пасажыр — 20-гадовы Алесь Чудзін, які першы год працуе тут фэльчарам. У тутэйшай амбуляторыі зранку не было ніводнага наведніка.

(Чудзін: ) “Так, праца няпыльная, пакуль ідзе збор ураджаю. Няма часу, мусіць, у іх хварэць. А ўзімку шмат старых прыходзіць — сьпіна баліць, ногі. Такія вынікі ўраджаю!”

(Карэспандэнт: ) “А што ты можаш?”

(Чудзін: ) “Абязболіць магу. Хірургічнага нічога, роды прымаць забаранілі на ФАПах. Увогуле, чым магу — дапамагу. Папяровай працы вельмі шмат. Цяпер прымушаюць тэрмомэтры ставіць на ўлік, як атрутныя рэчывы”.

Заробкам Алесь задаволены — да 350 тысяч для маладога вясковага спэцыяліста, як ён кажа, вышэй за дах. Але…

(Карэспандэнт: ) “А на сталае жыцьцё перабрацца ў Паперню не жадаў бы?”

(Чудзін: ) “Не, не жадаў бы. Ну хаця б таму, што няма куды схадзіць. У бібліятэцы такія кнігі, што пачытаць няма чаго. Я, напрыклад, захапляюся творчасьцю Булгакава, клясыкай, што-небудзь з новага — нічога няма, адны дамскія раманы ў белых пераплётах. Вакол адны старыя, моладзі няма. Умовы страшныя”.



(Карэспандэнт: ) “Што найбольш уразіла ва ўмовах?”

(Чудзін: ) “Усё! Людзі жывуць вельмі дрэнна. Мусіць, у самых людзях нешта. Большая частка вёскі п’е, і п’юць шмат, амаль кожны дзень. У хатах брудна, цёмна, развальваюцца некаторыя, шмат дамоў пустыя — ну як тут жыць?!”

Хутка давялося пераканацца ў слушнасьці высноваў Чудзіна. У Валянціны Лясковіч сытуацыя экстрэмальная. Працуе даяркай на фэрме. Двое хлопчыкаў сямі і васьмі гадоў. Разьвялася з мужам. Жыве ў калгаснай хаце. Тое, пра што распавядае Валянціна, бачу на свае вочы.

(Лясковіч: ) “Калі зіма, дзеці жывуць на кухні. Бо халодна. Колькі ўжо хадзіла да прадсядацеля, каб печку зрабілі — печкай зусім не абагрэць. Усе абяцаюць, абяцаюць… Падлога прагніла. Старшыня сказаў: жывеш жа ў калгаснай хаце. Хоць бы было паравое ацяпленьне, каб з гэтымі дровамі не цягацца. Вада не ва ўсіх ёсьць, і толькі халодная. Лазьні ў вёсцы няма, каб памыцца. Усё ломіцца — маторы для даеньня старыя, і мусім цэлы дзень сядзець: ніхто не папытаецца, ці ты есьці хочаш. А кароваў на даярку трыццаць пяць і ня болей”.



Валянціна марыць зьехаць з Паперні — нібыта, і чалавек знайшоўся прыстойны. Але старшыня сельскагаспадарчага каапэратыву “Мыта” Іван Блюднік пільна сочыць за кадрамі — балазе, ведае, што жыльлё на новым месцы для ўсёй сям’і Валянціне адразу не прыдбаць.

(Лясковіч: ) “Сказаў, што выселіць на зіму зь дзецьмі малымі з калгаснага дому — раз звольнілася з працы, значыць і дзяцей выселяць!”

Дарэчы, у часе вандроўкі “Волга” старшыні прамільгнула побач, але, убачыўшы чалавека зь мікрафонам, толькі надала хуткасьці. Вандрую далей. У 63-гадовай Ядвігі Ямяльянаўны Навасельскай сапраўднае гора. У Паперню яна прыехала на сталае жыцьцё да дзяцей. Згодная жыць у адной з кінутых хатаў. Плача.

(Навасельская: ) “Выйшла дачка замуж. Я кажу: Іван Феліксавіч, я ж рабіла ў калгасе Мічурына трыццаць два гады, вы былі галоўным заатэхнікам, а ён не зважае на мяне — выбірайся з кватэры! І сказаў: не прапішам! Я ў сьлязах прыйшла, кажу: дзеўкі, што мне рабіць — вешацца?!”

Хутка ж разумею, чаму спадарыні Ядвізе нельга жыць у адным памяшканьні зь дзецьмі: фактычна адзін пакой у 35-гадовых Ірыны Грыгор’евай (яна даярка) ды цялятніка Андрэя Трахіменкі.



(Кажуць адзін за адным: ) “Тут не жывем узімку — на кухні ўсе ўчатырох, двое дзяцей школьнікаў… Усё пагніла, палец праз шыбіну пралазіць… Крыху што папросіш: не падабаецца, звальняйся. А кінеш, пасядзіш у хаце, самі лятуць-просяцца… І цяпер няма каму рабіць, учулі, што хочам пераяжджаць у аграгарадок. Там кватэру даюць, дык на мяне: будзем рашаць… Дык калі рашаць, калі ўжо зіма?! Паміраючая вёска гэтая Паперня. Абавязкова трэба адсюль выбірацца!.. Дзеці малыя, тут ні зарплаты, месяц рабілі без выхадных, і 170 тысяч атрымаць — гэта на трох чалавек! Робім па дванаццаць гадзін у дзень!”

Але і ў Паперні ёсьць фэрмэр — 38-гадовы Раман Палейчык. 77 гектараў зямлі, на якой расьце пшаніца ды рапс. З тэхнікай усё як мае быць — камбайн, два трактары, плугі ды капалкі, дзесяць-пятнаццаць чалавек наймае на ўборку бульбы — праўда, звонку: у Паперні 75% пэнсіянэраў. Пасьля ўбачанага не магу не запытацца:

(Карэспандэнт: ) “Наколькі незалежны ад папярнянскай вэртыкалі?”

(Палейчык: ) “Глядзяць як на ваўка. Для іх мы ворагі, пакуль будзе калгас. А роўных умоваў няма на гэты час. Сродкі абароны расьлінаў ім выдалі на 100%, а я 7 мільёнаў са сваёй кішэні”.



(Карэспандэнт: ) “Асноўнае, што застанецца ў Паперні — гэта твая фэрмэрская гаспадарка. Гэта нармальна будзе?”

(Палейчык: ) “Гэта нармальна, хацеў бы, каб так было. Я пашырыў бы вытворчасьць сельгаскультураў і перарабляў: менавіта з рапса рабіў бы алей, дызэльнае паліва. І праект для гэтага зроблены. Вырошчваць сваю прадукцыю, перарабляць — і гатовую пастаўляць у горад!”

З Паперні мяне праводзіў дзядзька Ясь Новік.

(Карэспандэнт: ) “А як вы самі думаеце, ці выжыве Паперня?”

(Новік: ) “Было б добра, папярняне зямлю мелі, а потым разбазарылі. У Кастравіцкіх матка, браты ўсё давалі. Добра нам жылося…”
XS
SM
MD
LG