Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Колас атрымае сёньня ад імя ліцэю прэмію «Хартыі-97»


Аляксей Знаткевіч, Прага Сёньня дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас атрымае ад імя ліцэю прэмію Грамадзянскай ініцыятывы "Хартыя-97" – «за адстойваньне правоў і свабод чалавека». Ліцэй быў зачынены ўладамі ў 2003 годзе, пазбаўлены памяшканьня і ад таго часу існуе фактычна ў падпольлі. З Уладзімерам Коласам гутарыць наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) "Сп.Колас, які Ваш прагноз: праз колькі часу ў Вашай навучальнай установы будзе магчымасьць дзейнічаць у Беларусі легальна, без перашкодаў і ў сваім будынку?"

(Колас: ) “Усё будзе залежаць ад нас: калі спрацуем добра – то вельмі хутка, а нагода такая ёсьць. Як вядома, маюць адбыцца выбары ўжо гэтым летам, так што шанцы ў нас ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "Паводле нядаўніх зьменаў у Крымінальны Кодэкс, за ўдзел у арганізацыі, якая згубіла дзяржаўную рэгістрацыю, можна атрымаць да двух гадоў турмы. Як Вы лічыце, ці могуць скарыстаць гэта супраць ліцэю?"

(Колас: ) “Безумоўна, і ня толькі супраць ліцэю... Але мы вырашылі з самага пачатку, што будзем працягваць сваю працу пры любых умовах, пакуль застануцца дзеці, якія жадаюць вучыцца ў ліцэі. Трэба сказаць, што афіцыйна нас няма для ўладаў, і гэта ўсё адбываецца шляхам кансультацый для дзяцей, якія вучацца фармальна самастойна".

(Карэспандэнт: ) "Колькі цяпер засталося навучэнцаў у ліцэі?”

(Колас: ) “Каля 80-ці чалавек. У навучальным працэсе чатыры курсы. У гэтым годзе адбудзецца апошні выпуск тых, хто яшчэ быў у мурах ліцэю, вучыўся ў ліцэі. А ў наступным годзе будуць выпускацца тыя, хто хадзілі туды на падтрыхтоўчае аддзяленьне – усё ж такі крышку дыхнулі той атмасфэрай ліцэю, будынку нашага і потым паступалі ў ліцэй, калі ён ліквідоўваўся."

(Карэспандэнт: ) "Цяперашнія выпускнікі пачыналі вучыцца ў больш цяплічных умовах?"

(Колас: ) “Так, яны захоўваюць тыя традыцыі, якія перадаюць маладому пакаленьню, якое ад пачатку ўжо вучыцца ў цяперашніх умовах."

(Карэспандэнт: ) "Вы закранулі тэму прэзыдэнцкіх выбараў. Вы даволі крытычна выказваецеся на адрас кампаніі кандыдата аб''яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Крытыкі на адрас Мілінкевіча шмат: палітыкі, якія не далучыліся да ягонай кампаніі, кажуць, што ягоныя паездкі па рэгіёнах малаэфэктыўныя – але ў той жа час самі крытыкі ня робяць нічога заўважнага шырокай публіцы і не даюць канкрэтных парадаў. Вы маеце канкрэтныя парады для Мілінкевіча?"

(Колас: ) “Крытыкаваць, вядома, лягчэй... А парады свае я яму выказаў: трэба прыводзіць у нармальны стан правава-палітычную сытуацыю ў краіне, бо ў такой сытуацыі пра якія выбары мы ўвогуле размаўляем? І ў гэтай дзейнасьці і павінны праяўляцца лідэрскія якасьці, якія трэба даказваць усім. Мы адкрытыя для любых прапаноў, а паўза такая трымаецца таму, што мы чакаем і спадзяемся, што тыя, хто ўзялі на сябе гэтую справу, ведаюць, што яны робяць."

(Карэспандэнт: ) "Але зь іншага боку, могуць сказаць: гэта ж агульная справа – навошта чакаць, чаму не далучацца і не працаваць адзінай камандай?”

(Колас: ) “Па-першае, трэба ж атрымаць запрашэньне нейкае, каб далучацца. А па-другое, трэба канкрэтны плян перамогі, а мы яго пакуль ня чулі."

(Карэспандэнт: ) "А ў Вас такі плян ёсьць? Я нагадаю, што Ўладзімер Колас узначальвае Раду беларускай інтэлігенцыі, у якую ўваходзяць, дарэчы, палітыкі, якія раней заяўлялі пра прэзыдэнцкія амбіцыі, дый сам сп.Колас казаў у свой час, што не выключае такой магчымасьці. У кагосьці ёсьць плян перамогі?"

(Колас: ) “Ёсьць, але гэты плян ня варта зараз выносіць у эфір...

У нас ёсьць прапановы па тым, як вырашаць кожную з трох наступных умоў: першае – гэта выбарчае заканадаўства і склад камісій, другое – стан са СМІ, зь інфармаванасьцю насельніцтва, і трэцяе – гэта трэці тэрмін той асобы, якая хоча вылучацца, нягледзячы на тое, што гэта пярэчыць Канстытуцыі."

(Карэспандэнт: ) "І апошняе пытаньне. Якая падзея была найбольш важнай асабіста для Вас сёлета?"

(Колас: ) “Удзел у сьвяткаваньнях 25-х угодкаў Салідарнасьці. Гэта было сьвята людзей, якія перамаглі. І тое, што яны расказвалі пра той абсалютна безнадзейны стан, у якім яны знаходзіліся, і тое, што яны ўсё ж такі зьдзейсьнілі тое, у што верылі і пра што марылі, паказвае, што нам таксама няма чаго нудзіцца, і ў нас таксама ёсьць такія самыя магчымасьці, можа, нават і лепшыя".

(Карэспандэнт: ) "Вы лічыце, што ў Беларусі магчымае нешта падобнае?"

(Колас: ) “Чаму не? Безумоўна, ёсьць цяжкасьці, праблемы: у нас няма такога ўплыву царквы, касьцёлу, такога адчуваньня нацыянальнай тоеснасьці, і ў нас няма такога нізкага сацыяльнага стану – можа, гэта і добра. Але тым больш залежыць ад нашай сьвядомасьці, маральнасьці, годнасьці. Усе гэтыя якасьці будуць неўзабаве вельмі актыўна правярацца на трываласьць".
XS
SM
MD
LG