Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: зь Беларусі пачнуць выганяць замежных карэспандэнтаў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскія мэдыі пішуць пра тое, што сапраўдная прычына дэпартацыі зь Беларусі журналісткі польскга грамадзкага тэлебачаньня Агнешкі Рамашэўскай – гэта надыходзячыя прэзыдэнцкія выбары, а таксама пра вынікі цікавага апытаньня ў Расеі, паводле якога расйцы лічаць Беларусь вельмі дэмакратычнай краінай.

“Учора беларускія памежнікі анулявалі беларускую візу ў пашапарце Агнешкі Рамашэўскай, далі ёй афіцыйнае рашэньне аб дэпартацыі і пасадзілі ў самалёт, што ляцеў у Варшаву. У рашэньні што да прычынаў дэпартацыі адзначана: “іншыя прычыны” – якія канкрэтна, невядома. Гэта ня хоча патлумачыць ніводная з адпаведных беларускіх установаў”, – піша сёньня “Gazeta Wyborcza”.

Прэсавы сакратар памежных войскау Беларусі заявіў газэце, што памежнікі дзейнічалі “у адпаведнасьці з законам”, а прэсавы сакратар беларускага КДБ увогуле адмовіўся камэнтаваць справу журналістам польскага штодзёньніка.

“Сапраўдная прычына дэпартацыі карэспандэнткі польскага тэлебачаньня, аднак, зразумелая. У наступным годзе ў Беларусі адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, якія Аляксандар Лукашэнка зьбіраецца, як ён кажа, “элегантна” выйграць і застацца на трэці тэрмін. Можна спадзявацца, што ў хуткім часе магчымасьць працаваць у Беларусі страцяць шмат іншых замежных карэспандэнтаў”, – піша сёньня “Gazeta Wyborcza”.

Польскія мэдыі паведамляюць таксама пра ўчорашнюю заяву Рады Эўропы, якая выказала “сур’ёзную занепакоенасьць” у сувязі з папраўкамі ў заканадаўстве Беларусі, якія “значна абмяжоўваюць грамадзянскія правы беларусаў”.

Між тым таксама “Gazeta Wyborcza” піша пра тое, што расейцы лічаць, што іхная краіна найбольш пасьпяхова будуе дэмакратыю сярод усіх дзяржаваў СНД. На другое месца жыхары Расеі паставілі Беларусь, дзе, на іхную думку, “пануе стабільнасьць і няма беспрацоўя”.

“Гэтыя крытэрыі ў палітычных дыскусіях у Расеі лічацца значна больш важнымі, чым, прыкладам, справядлівыя выбары ці права крытыкаваць урад”, – адзначае польскі штодзёньнік.
XS
SM
MD
LG