Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску на вечным агні бамжы гатуюць ежу


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнай прэсы за 15 сьнежня

У чацьвер ў рубрыцы "Тэма дня " "Народная Воля" публікуе артыкул "Аляксандру Казуліну час вызначыцца". Аўтар звароту прафэсар Юрый Хадыка прапануе прафэсару Аляксандру Казуліну дакладна вызначыць пазыцыю Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах, каб не паўтарыць ранейшыя памылкі апазыцыі.

"Альтэрнатыўны погляд". "Народная Воля" таксама зьмяшчае артыкул палкоўніка, начальніка галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага упраўленьня Міністэрства абароны Ігара Глода "Аб праблеме, якая не існуе".

Рэдакцыю "Бобруйского курьера" наведаў кіраўнік офісу АБСЭ Оке Пэтэрсан, сустрэўся з калектывам, пацікавіўся праблемамі. Газэта таксама піша пра юнага бабруйчаніна Андрэя Шышко, які стаў пераможцам прэстыжнага Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Рубінштэйна ў Санкт-Пецярбургу. І яшчэ адзін цікавы артыкул у "Бобруйском курьере" – "Гэта вам не касьцёр".

Распавядае карэспандэнт газэты Віктар Качан.

(Качан: ) "Вечны агонь выкарыстоўваецца не па прызначэньні. Тут бамжы гатуюць ежу, мясцовыя жыхары кіпяцяць бялізну, а ў мінулыя выходныя двое бадзяг абжыгалі ізаляцыю праводкі. Ад гэтых узьдзеяньняў полымя часта гасьне, і газ выходзіць з чашы, што вельмі небясьпечна".

"Цынкавае радовішча ў Сьветлагорску". На мясцовым гіганце "Хімвалакно" назапасілася столькі адыходаў, так званага шламу, што пасьля дзевяцігадовага перапынку зноў запушчаная ўстаноўка для рэгенэрацыі аксіду цынку. Адыходаў вытворчасьці хопіць на 7 гадоў працы, можна атрымаць 18 тон чыстага цынку, і гэта ўтрая таньней, чым здабываць мэтал з рудных распрацовак, паведамляе сьветлагорскі "Ранак плюс".

"Бюджэт-2006" – "Ніводнае праўкі". І "зьніжэньне выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя". У сераду ўвечары законапраект аб бюджэце ўхвалілі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, паведамляе "Наша Ніва". А "Нацыю ўратуюць кніг@ношы", сьцьвярджае тыднёвік. Галоўны кніганоша ў сучасных умовах – Інтэрнэт.

"Мілінкевіч сьпіць у маршрутках". Паездкі новага лідэра апазыцыі па краіне выклікаюць шаленства ўладаў і бурчэньне зайздросьнікаў. Ці ёсьць ад паездак толк? Адказ на гэтае пытаньне чытайце ў сьвежым нумары "Нашай Нівы".

"Брестский курьер" таксама пільна сочыць за паездкай па Берасьцейшчыне адзінага кандыдата. Яго не пусьцілі ва ўнівэрсытэт на сустрэчу са студэнтамі. А калі каманда Мілінкевіча везла ў дзіцячы прытулак адзеньне, кніжкі, відэакасэты, міліцыянты спынілі груз і прагледзелі відэакасэты. Там аказаліся звычайныя дзіцячыя мульцікі. Дарэчы, сёньня Мілінкевіч наведвае Белазёрск, паведамляе "Брестскій курьер".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG