Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За выраб самагону можна будзе атрымаць 6 тысяч даляраў штрафу


Ягор Маёрчык, Менск 16 сьнежня пачынае дзейнічаць дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі "Пра ўпарадкаванасьць і удасканаленьне дзеяньняў, зьвязаных з алькагольнай прадукцыяй". Паводле дакумэнту, вырабляць самагон дазваляецца выключна ў этнаграфічных мэтах, на гэта трэба атрымаць ліцэнзію. Дэкрэт прадугледжвае ўзмацненьне адміністратыўнай адказнасьці за незаконны выраб сьпіртовых напояў. Карэспандэнт Свабоды вярнуўся з камандзіроўкі ў Белавескую пушчу, якая славіцца ня толькі сваёй прыродай, але і тым што там гоняць высакаякасныя напоі.

Сёньня набыць пару літраў да каляднага і навагодняга стала аказалася цяжэй, чым звычайна. Раней у кожнай вёсцы альбо мястэчку існавалі кропкі, дзе ў любы час сутак можна было набыць гэты напой. Цяпер жа сытуацыя зусім іншая. Усе баяцца адно аднаго. Незнаёмцам не прадаюць наагул, а аднавяскоўцам толькі пасьля доўгіх угаворваньняў.

Людзі баяцца вялізарных штрафаў, так бы мовіць прамінулай датай. Паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, максымальнае пакараньне за вытворчасьць самагону -- 500 базавых велічыняў -- гэта блізу шасьці тысячаў даляраў ЗША. А па-другое, у прыватнасьці ў Сьвіслацкім раёне Гарадзенчышы, мясцовыя ўлады папярэдзілі: каго зловяць, апроч спагнаньня штрафу, звольняць з працы.

Сёньня за паўлітры цяпер трэба аддаць 3,5-4 тысячы беларускіх рублёў. Жыхары пушчанскіх вёсак зазначаюць, што за апошні час кошты падняліся на адну тысячу. Тое, што самагон падаражэў, яны зьвязваюць не з хуткім надыходам сьвятаў, а менавіта ў з тым, што пачынае дзейнічаць антыалькагольны дэкрэт. Ад таго і накручваюць кошты, маўляў за рызыку.



І тыя, хто гоніць самагон і тыя, хто яе набывае, параўноўваюць дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі з антыалькагольнай кампаніяй першага і апошняя прэзыдэнта Савецкага Саюзу Міхала Гарбачова. Самагоншчыкі са стажам жартуюць, што ў іх ёсьць досьвед дзейнасьці ў падпольлі. Ну, а аматары напою, спадзяюцца, што хуткім часам міліцыянты зьнізяць сваю цікаўнасьць да самагоншчыкаў і ўсё вернецца на свае месцы.
XS
SM
MD
LG