Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе пэрсанальныя ляўрэаты прэміі "Хартыі ''97" сёлета ў зьняволеньні


Любоў Лунёва, Менск Cёньня ў офісе грамадзкай ініцыятывы “Хартыя ’97” адбудзецца ўручэньне штогадовых прэмій у абарону правоў чалавека. Сёлетнія ляўрэаты Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Андрэй Клімаў, Мікалай Аўтуховіч і Сяргей Скрабец ня змогуць асабіста прысутнічаць на цырымоніі, бо ўсе яны зьняволеныя. Прэміі атрымаюць іх сваякі і сябры. Узнагароду калектыву Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю атрымае дырэктар гэтай навучальнай установы Ўладзімір Колас. Прэмію Саюзу палякаў Беларусі атрымае актывіст гэтай арганізацыі Анджэй Пісальнік.

Гэта ня першы выпадак, калі аргкамітэт грамадзянскай ініцыятывы ўзнагароджвае палітвязьняў. Раней прэмію атрымалі Валер Леванеўскі, Міхаіл Марыніч, Віктар Івашкевіч, Павал Мажэйка і Мікола Маркевіч. Прэмія заснаваная ў 1998 годзе. У намінацыі “За асабістую мужнасьць” яе атрымлівалі грамадзкія дзеячы, а “За лепшае асьвятленьне праваабарончай тэматыкі ў СМІ” – журналісты.

Гэтым разам Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Андрэй Клімаў адбываюць пакараньне на “хіміі” за арганізацыю вулічных акцый пратэсту. Мікалая Аўтуховіча і Сяргея Скрабца трымаюць за кратамі.

Павал Севярынец у момант уручэньня прэміі будзе знаходзіцца на працы ў леспрамгасе. У вёсцы Малое Сітна, дзе ён адбывае пакараньне, няма мабільнай сувязі. Але ўчора ён скарыстаў магчымасьць наведаць сваіх бацькоў у Віцебску і нам удалося паразмаўляць.

(Севярынец:) “У дадзеных умовах прэмія гэта акт падтрымкі. Я гэта ацэньваю менавіта як праяву салідарнасьці, якую я адчуваю ўсе чатыры месяцы знаходжаньня на “хіміі”. Гэта лісты, пасылкі, візыты. Безумоўна, у гэтым шэрагу стаіць і прэмія. Я вельмі ўдзячны “Хартыі”. На жаль, сам я не змагу прысутнічаць на цырымоніі. Прэмію атрымае намесьнік старшыні Маладога Фронту Сяржук Лісічонак.”

За Міколу Статкевіча прэмію атрымае яго жонка Валянціна.

(Валянціна:) “Мне прыемна, што ўзнагародзілі майго мужа. Гэта падтрымка і ўсёй нашай сям’і. Сваім змаганьнем Мікола падае прыклад мужнасьці малодшаму пакаленьню. На гэтыя выходныя я паеду ў Баранавічы і прывязу яму прэмію.”

Сяргей Скрабец і Мікалай Аўтуховіч трымалі галадоўку за кратамі супраць парушэньня сваіх правоў. Жонка Сяргея Скрабца Аляксандра будзе прысутнічаць на цырымоніі

(Аляксандра:) “Я вельмі непакоюся за стан здароўя майго мужа. Нават думаю, што лепей было б, каб ніхто яго ня ведаў, але ён быў бы з намі, бо я чалавек далёкі ад палітыкі. Але ж мне прыемна, што пра яго людзі ведаюць. Ведаюць, што ён такі мужны. Гэта сапраўды так.”

Дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю Ўладзімір Колас атрымае прэмію, якой узнагародзілі калектыў ліцэю. Ад 2003 ліцэісты вучацца фактычна ў нелегальных умовах. Анджэй Пісальнік атрымае прэмію за Саюз палякаў Беларусі, арганізацыю, якая працягвае сваю працу, нягледзячы на ўсе перашкоды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG