Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў адхіліла зьмены ў закон пра банкруцтва


Уладзімер Глод, Менск Палата прадстаўнікоў вельмі рэдка бракуе законапраекты, якія паступаюць да дэпутатаў ад ураду. 14 сьнежня адбыўся рэдкі выпадак, калі зь дзесяці разгледжаных дакумэнтаў адзін -- пра банкруцтва -- дэпутаты ўсё ж адхілілі. Некаторыя выступоўцы казалі, што, "дзякуючы" гэтаму закону можна пасадзіць за краты любога кіраўніка. Магчыма, што спрацавала карпаратыўная салідарнасьць дэпутацкага корпусу, у якім шмат хто раней узначальваў розныя прадпрыемствы, фірмы, арганізацыі.

Першы намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Аляксандар Петраш ад імя ўраду прадстаўляў законапраект і шмат казаў пра тое, што ім прадугледжваецца ўвесьці ў Крымінальны кодэкс шэраг артыкулаў, якімі ўводзіцца адказнасьць у выглядзе пазбаўленьня волі за схову эканамічных памылак, за неўжываньне своечасовых мераў па папярэджаньні банкруцтва ды іншае. Прыкладам, неналежнае выкананьне службовых абавязкаў пагражае арыштам да трох гадоў.

Аднак дэпутаты палічылі такія патрабаваньні занадта жорсткімі. Як выказаўся Міхаіл Паплаўскі, пад артыкул -- “неналежнае выкананьне сваіх службовых абавязкаў” пры жаданьні можна падвесьці любога кіраўніка. І другое, што выклікала незадавальненьне -- значнае павялічэньне адказнасьці кіраўнікоў, пры тым што кантралюючыя арганізацыі, якіх у Беларусі надзвычай шмат, нават за свае памылкі не адказваюць. Вось як пра гэта сказаў дэпутат Віктар Кучынскі:

(Кучынскі: ) "Закон гэты -- аднабаковы. Калі б тут быў адмысловы артыкул, які прадугледжвае адказнасьць службовай асобы, якая мае права ўвесьці часовую кіруючую адміністрацыю, гэта было б зусім іншае. Хачу прывесьці адзін прыклад. Ёсьць такі "Джэм-банк". На час увядзеньня часовай адміністрацыі банк быў прыбытковым. Аднак Нацыянальны банк увёў там часовую адміністрацыю. Законнасьць парушылі. Стратнасьць банку склала 6,5 мільярда рублёў. А колькі краіна не атрымала падаткаў у выглядзе жывых грошай?! А калі палічыць страты кліентаў і ўкладальнікі банку?".

Першы намесьнік міністра юстыцыі спадар Петраш казаў, што дэпутатам ня трэба хвалявацца. Маўляў, суд ва ўсім разьбярэцца... Авальная заля ў адказ дружна зрэагавала: “Ведаем мы наш суд...”

Учора ж тая ж самая Палата прадстаўнікоў прымала закон пра адказнасьць за фінансаваньне тэрарызму. Там, дарэчы, пакараньне, куды больш жорсткае -- да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. І той закон прынялі хутка, аднагалосна. Тады чамусьці ўсе пагадзіліся -- калі што і ня так -- суд разьбярэцца! А тут аж 70 дэпутатаў прагаласавалі супраць...

Адказаць на пытаньне, чаму так атрымалася, я папрасіў Уладзімера Нісьцюка, які сам быў дэпутатам. Спадар Нісьцюк узгадвае: шмат законаў, якія цяпер перарабляюць, былі прынятыя яшчэ Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня. Прынамсі, закон аб банкруцтве. Гэта быў рынкавы закон, які не прадугледжваў жорсткіх пакараньняў, І тады ня трэба было ламаць галаву -- пасадзяць ні не пасадзяць за краты? Цяпер жа падыход да законатворчай працы зусім іншы, лічыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк:) "Самая вялікая хіба сёньняшняга законатворства ў Беларусі -- гэта тое, што ўсё разглядаецца перадусім з пазыцыі карных мэраў, якія могуць быць прынятыя да людзей. Таму і дэпутаты так асьцярожна ставяцца да гэтага. Шмат хто зь іх ведае, што такое сучасная эканоміка. Прымаць такія законы патрэбна зыходзячы з самарэгулюемасьці рынку. А калі гэтыя законы патрэбныя толькі для таго, каб пакараць, дык тады, я думаю, заўжды будзе няўпэўненасьць, усе будуць страхавацца. І кожны будзе глядзець у закон, як у люстэрка, і думаць пра тое, што адбудзецца, калі ён будзе на гэтым месцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG