Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія вучоныя: малако засьцерагае ад інсультаў і кардыялягічных праблемаў


Кастусь Бандарук, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”. У сёньняшнім выпуску пра тое, як малако засьцерагае ад інсульту і хваробаў сэрца.

“Спажываньне як мінімум адной шклянкі малака ў дзень заўважна зьмяншае рызыку інсульту і хваробаў сэрца”, – лічыць прафэсар Пітэр Элвуд з Кардыфскага ўнівэрсытэту.

Ён падсумаваў вынікі дзесяці буйнамаштабных дасьледаваньняў, праведзеных у Злучаных Штатах, Вялікай Брытаніі, Італіі, Японіі і Галяндыі. Агулам у дасьледаваньнях узялі ўдзел 400 тысяч мужчынаў і жанчынаў ва ўзросьце ад 8 да 28 гадоў.

Прафэсар Элмвуд прыйшоў да высновы, што спажываньне большай колькасьці малака зьмяншае рызыку хваробаў сэрца на 13% і на 17% – рызыку інсульту.

Сам прафэсар цягам больш як 20 гадоў зьбіраў дадзеныя пра харчаваньне і лад жыцьця 2,5 тысяч мужчын ва ўзросьце 45-59 гадоў. Ён сьцвердзіў, што ў мужчынаў, якія мелі звычку выпіваць прынамсі шклянку малака ў дзень, рызыка інсульту і хваробаў сэрца была на траціну меншая чым у тых, хто цалкам ня піў малака.

Малако і малочныя вырабы традыцыйна лічыліся адным з самых неабходных прадуктаў харчаваньня. Паводле навукоўцаў, малако амаль на 100% забясьпечвае арганізм кальцыем, які побач з магніем і фосфарам неабходны для правільнай пабудовы костак. Кальцый з каровінага малака засвойваецца арганізмам на 30%, значна лепей, чым у выпадку расьлінных прадуктаў.

Малако зьяўляецца багатай крыніцай таксама і іншых мінэралаў, вітамінаў A, B, D і Е, бялкоў, асноўнага будаўнічага матэрыялу нашых клетак і тканак, а таксама вугляводаў, якія даюць арганізму энэргію.

Малако мае шэраг тэрапэўтычных уласьцівасьцяў. Яно ў прыватнасьці засьцерагае ад астэапарозу і шэрагу мэтабалічных хваробаў. Вось таму яно рэкамэндуецца як дзецям, у якіх косткі растуць, так і людзям сталага веку, у якіх косткі – ломкія. У “пірамідзе здаровага харчаваньня” малако, а таксама ёгурт, кефір, тварог, сыры і малочнае марозіва займаюць адно з самых пачэсных месцаў.

Аднак ня ўсе захапляюцца малаком. Нават некаторыя мэдыкі лічаць, што малако дапушчальнае толькі ў выпадку малых дзяцей, бо яны могуць прыймаць толькі вадкасьці. Асноўны мінус малака і малочных прадуктаў, гэта тое, што арганізм некаторых людзей не прымае малочнага цукру – ляктозы.

Іншая небясьпека, гэта прысутнасьць мікробаў. Пастэрызацыя, гэта значыць падаграваньне малака да 75 градусаў цягам 15-20 сэкундаў, не забівае ўсіх бактэрыяў. З гэтай прычыны рэкамэндуецца піць кіпячонае малако. У апошнія гады вытворцы малака ўсё часьцей скарыстоўваюць мэтад стэрылізацыі – падаграваньне малака на пару сэкундаў да 150 градусаў.

Амэрыканскія дыетолягі надаюць вялікае значэньне ўзроўню тлушчу ў малацэ. Гэта зьвязанае з эпідэміяй атлусьценьня амэрыканцаў, у тым ліку дзяцей. Празьмерная вага назіраецца ў 16% амэрыканскіх дзяцей у школьным узросьце. Атлусьценьне як маладых, так і старэйшых амэрыканцаў тлумачыцца празьмерным спажываньнем фрытак (бульбы фры), чыпсаў, гамбургэраў, сэндвічаў і салодкіх газаваных напояў.

Даўгі час амэрыканская Нацыянальная рада малочных прадуктаў ўжывала ў камэрцыйных мэтах стандартную фразу “малако – добрае для твайго цела”. Два гады таму Рада выдаткавала 200 мільёнаў даляраў на дасьледаваньне, якое павінна было даказаць, што малако дапамагае зьменшыць вагу.

Аднак вучоныя з Гарвардзкага ўнівэрсытэту на чале Гелен Рокэт часткова расчаравалі вытворцаў малочных прадуктаў. Яны абсьледавалі 13 тысяч дзяцей ва ўзросьце ад 9 да 14 гадоў, і выявілі, што дзеці, якія згодна рэкамэндацыям выпіваюць больш як 3 шклянкі малака, хутчэй за ўсё таўсьцеюць, чым худнеюць. Справа ў тым, што пераважная большасьць дзяцей спажывае звычайнае тлустае малако. Гелен Рокэт кажа: “У малацэ шмат калёрыяў. Калі ў дзіцяці праблемы з вагой, ягоным галоўным напоям павінна быць вада”.

Наагул, амэрыканскія вучоныя ня супраць малака. Яны проста рэкамэндуюць піць абястлушчанае малако. Паводле амэрыканскай дасьледчыцы Катрын Бэркэй, аптымальны варыянт, гэта малако ў якім 1% тлушчу. У шклянцы такога малака 85 калёрыяў, тым часам як у шклянцы тлустага малака – 150 калёрыяў. Паводле дыетолягаў, дапушчальны ўзровень тлушчу ў малаку – 2%. У такім абястлушчаным малаку дастатковая колькасьць вітамінаў і мінэралаў. Калі малако абястлушчанае да 0,5 %, дык яно ў гэтым сэнсе ўжо непаўнавартаснае, лічаць дыетолягі.

Іншая група брытанскіх вучоных з Брыстальскага ўнівэрсытэту разьвеяла міт, нібыта спажываньне малака падвышае крывяны ціск і ўзровень халестэрыну. Цягам 20 гадоў яны сачылі за станам здароўя 750 мужчынаў. За гэты пэрыяд 54 з абсьледаваных мужчын перажылі інсульт, 139 зь іх мелі ішэмічную хваробу сэрца. 225 чалавек – памерлі. Вучоныя апытвалі іх на прадмет таго, як яны харчуюцца, што ядуць і што п’юць на працягу ўсяго тыдня. Аказалася, што ўсе мужчыны, якія пілі шмат малака, але абястлушчанага, былі больш энэргічныя і актыўныя, чым тыя, якія спажывалі яго зрэдку і няшмат. Ад малака яны таксама не патаўсьцелі, што заўсёды лічылася адным з галоўных аргумэнтаў супраць спажываньня малака. І што асабліва важна, узровень халестэрыну і крывянога ціску заставаўся ў іх у норме.
XS
SM
MD
LG