Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго чакаюць жыхары сталіцы ад 2006 году?


Сьвятлана Курс, Менск “Якіх падзеяў вы чакаеце ў 2006 годзе ў жыцьці краіны і ў сваім? Што хацелі б зьмяніць, а што жадаеце пакінуць як ёсьць?” – з такім пытаньнем менская карэспандэнтка “Свабоды” зьвярталася да мінакоў на цяперашнім праспэкце Незалежнасьці ў Менску.

(Дзяўчына: ) “Галоўнае не прачнуцца ранкам 1 студзеня і ня ўбачыць, што ўсё засталося, як раней. Для краіны я жадаю, каб маладыя людзі маглі знайсьці сабе прымяненьне”.

(Карэспандэнтка: ) “У тым годзе чакаецца палітычная кампанія. Чаго ад яе чакаць?”

(Дзяўчына: ) “Складанае пытаньне, не магу даць адказ”.

(Юнак: ) “Думаю, наступны год прынясе шмат прыемных цудаў. Я вучуся ў аграрна-тэхнічным унівэрсытэце і павінны ехаць адраджаць вёску. Адтуль буду прасоўвацца па кар’ернай лесьвіцы. Хачу стаць багатым”.

(Карэспандэнтка: ) “Адтуль... – гэта азначае, што вы плянуеце вярнуцца ў горад?”

(Юнак: ) “Натуральна, толькі горад”.

(Карэспандэнтка: ) “Якіх падзеяў чакаеце ў маштабе краіны?”

(Юнак: ) “Наша краіна за 2006 г. павінна прасунуцца ў эвалюцыі, адрадзіцца, стаць багатай, і каб пра яе ведалі ва ўсіх куткох сьвету”.

(Мужчына перадпэнсійнага веку: ) “Краіна і так някепска жыве. Пра палітыку я разважаць ня буду. Гэта не мая сфэра, я “тэхнар”. Галоўнае – я маю заробак, які мяне задавальняе”.

(Бадзёрая пэнсіянэрка: ) “Яшчэ большага квітненьня, чым цяпер, каб у нас было заўжды прыгожа. Я памятаю 1990-я. Якая розьніца з тым, што цяпер! Такая прыгажосьць! З Расеі прыяжджаюць, кажуць: ну, вы жывяце пры камунізьме!”

(Маці з малым сынам: ) “Мне было гэты год вельмі цяжка, чакаю толькі палёгкі. Два гады я ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, жыву ў замкнёным сьвеце”.

(Пэнсіянэр з трэснутымі акулярамі: ) “У цяперашні час у параўнаньні з постсавецкімі дзяржавамі мы жывём проста цудоўна. Лепш я не хачу, бо лепш ня будзе. У параўнаньні з Украінай-суседкай мы куды лепшыя”.

(Мужчына, архітэктар: ) “Я думаю больш пра сябе, чым пра краіну. Добра мне – добра краіне. І наадварот. А каб было добра мне і дзецям, я працую. Вось і ўсё”.

(Студэнтка 1-ай мэдвучэльні: ) “Хачу, каб краіна наша і далей квітнела. Беларусь узыходзіць на высокі ўзровень, гэта бачна па эканоміцы. А супрацоўніцтва зь іншымі краінамі гэта яшчэ паляпшае”.

(Малады чалавек са значкам “Гавары па-беларуску” на штрыфлі: ) “Нічога не чакаю. У нас і так жывецца добра, хай яно так і будзе. Адно не падабаецца: жывем у Беларусі, але збольшага шмат людзей не паважаюць беларускую мову як роўную рускай. Але гэта трэба зьмяняць ня ў Новым годзе, а зараз. Вось сёньняшнім днём мы вырашылі, што трэба рабіць, дык трэба й рабіць. Хопіць чакаць новых годаў і заўтрашніх дзён”.

***

Радыё Свабода ласкава запрашае слухачоў і наведнікаў пакідаць свае паведамленьні і водгукі. Якія падзеі 2005 году вы лічыце найбольш важнымі, чаго чакаеце ад 2006? Калі ласка, дасылайце свае адказы на svaboda.org/forum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG