Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэзэнтацыя відэадыску, прысьвечанага Нясьвіжу


Галіна Абакунчык, Менск У бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук адбылася прэзэнтацыя відэадыску “Нясьвіж– культурны цэнтар Эўропы. Нацыянальны помнік”. Гэта першы ў Беларусі электронны дыск, прысьвечаны помнікам усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Ягонае выданьне адбылося ў межах адмысловага праекту ЮНЭСКА.

На відэадыску зьмешчаныя здымкі бібліятэчнай літаратуры, архіўных дакумэнтаў, відэаролік Нясьвіскага палацу, зьняты да апошняга пажару, партрэты Радзівілаў і нават музыка, напісаная прадстаўнікамі гэтага знакамітага роду. Чым унікальны гэты дыск, гаворыць адзін зь ягоных укладальнікаў, дырэктар Беларускага навукова–дасьледчага цэнтру электроннай дакумэнтацыі Вячаслаў Насевіч.

(Насевіч: ) “Ён можа служыць энцыкляпэдыяй Нясьвіжа, ягоных каштоўнасьцяў. Бо там шмат тэкставай інфармацыі й ёсьць каля 600 ілюстрацыяў. У гэтым мне бачыцца ягоная найбольшая каштоўнасьць”.

Паводле старшыні Нацыянальнай камісіі ў справах ЮНЭСКА Ўладзімера Шчаснага, дыск зьявіўся, у тым ліку, у зьвязку з уключэньнем Нясьвіскага палацава-паркавы комплексу ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. І гэта толькі пачатак працы ў гэтым кірунку – кажа спадар Шчасны.

(Шчасны: ) “Аказваецца ў нашым дзяржаўным гістарычным музэі захоўваецца 26 тысячаў адзінак з архіва Радзівілаў. І многія зь іх не былі нават кранутыя ў мінулым стагодзьдзі. Гэтая праца ёсьць пачаткам збору электроннага архіву, прысьвечанага Радзівілам. І за тым, я думаю, мы зможам хадайнічаць аб ягоным уключэньні ў сьпіс усясьветнай памяці”.

Выдаўцы паведамляюць, што відэадыск “Нясьвіж– культурны цэнтар Эўропы. Нацыянальны помнік” выдадзены таксама ў перакладзе на ангельскую мову. Распаўсюджвацца ён будзе перадусім сярод беларускіх і замежных турыстаў у Нясьвіжы. Знайсьці яго можна будзе таксама ў Аддзеле рэдкай кініг Цэнтральнай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук. Плянуецца, што аналягічныя відэадыскі будуць зробленыя пра іншыя беларускія помнікі гісторыі й культуры, занесеныя ў сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА.



ЮНЭСКА (UNESCO) – гэта ангельская абрэвіятура United Nations Educational, Scientific and Cultural Organization. У перакладзе гэта азначае Арганізацыя Аб''яднаных нацыяў у справе адукацыі, навукі і культуры. Сябрамі ЮНЭСКА зьяўляюцца каля двухсот краінаў сьвету.

У сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА акрамя Нясьвіскага палаца і паркавага комплексу, уключаныя таксама Дуга Струвэ, Мірскі замак і Белавеская пушча.

Раней Міністэрства культуры Беларусі склала дэталёвую характарыстыку шэрагу аб’ектаў-кандыдатаў у сьпіс ЮНЭСКА. У гэты пералік былі ўключаныя: Полацкія Спаса-Праабражэнскі й Сафійскі саборы, Мікольская царква ў Магілёве, Камянецкая вежа, Берасьцейская крэпасьць, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, а таксама Аўгустоўскі канал.
XS
SM
MD
LG