Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Норма Сахарава


Аляксандар Лукашук, Прага Сёньня адзначаецца Дзень памяці фізыка і грамадзкага дзеяча Андрэя Сахарава. Андрэй Сахараў – адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы, актыўны прыхільнік забароны ядзернай зброі, адзін зь лідэраў праваабарончага руху ў Савецкім Саюзе. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру за 1975 год. У студзені 1980 году выступіў з адкрытым пратэстам супраць уводу савецкага войска ў Аўганістан, пасьля чаго быў пазбаўлены ўсіх дзяржаўных узнагародаў і высланы ў горад Горкі, адкуль вярнуўся ў часы перабудовы.

Андрэй Сахараў ніколі ня быў у Беларусі, але ведаў і абараняў беларускага рабочага з Бабруйску палітзэка Міхаіла Кукабаку, яго глыбока непакоіла трагедыя Чарнобыля – разам з Алесем Адамовічам у дакумэнтальным фільме яны абмяркоўвалі наступствы выбуху для Беларусі.

У адным зь інтэрвію Сахараў казаў, што яго глыбока хвалюе праблематыка аповесьці Васіля Быкава “Кар''ер”. Я неяк спытаўся ў жонкі Сахарава, Алены Бонэр, што яна думае пра вылучэньне Быкава на Нобэлеўскую прэмію – яна горача падтрымала і сказала мне, што ў дзёньніках Сахарава ёсьць запісы пра Быкава. Сёлета гэтыя дзёньнікі выйдуць асобнай кнігай. Быкаў быў ня толькі адным зь яго любімых аўтараў, яны пазнаёміліся і працавалі разам у міжрэгіянальнай дэпутацкай групе на Зьезьдзе народных дэпутатаў СССР. Васіль Быкаў расказаў яму гісторыю свайго сфальшаванага подпісу пад лістом з асуджэньнем апальнага акадэміка – пасьпеў расказаць, бо на наступны дзень Сахараў памёр.

Нядаўна ў Празе быў Сяргей Кавалёў, таксама дысыдэнт, палітзьняволены, блізкі сябар Сахарава, і я спытаўся ў яго пра адну не зусім звычайную рысу акадэміка.

Часта, перачытваючы ўспаміны Сахарава – пра ягонае дзяцінства і юнацтва, працу ў фізыцы, пра ягоныя званкі ў абарону людзей Хрушчову, Андропаву, Брэжневу, пра перасьлед КГБ і ссылку, пра цяжэзныя галадоўкі - я кожны раз зьдзіўляюся, як часта ён піша пра свае памылкі. Прызнае, што памыляўся, не зразумеў, не здагадаўся, робіць агаворкі, што, магчыма, ня мае рацыі.

Гэта нармальна, сказаў тады Сяргей Кавалёў. Гэта рыса глыбока інтэлігентнага і моцнага чалавека, якія цэніць адно ісьціну, а не сябе ў вачох іншых.

Вялікія навукоўцы - Ньютан, Эйнштэйн - застаюцца ў гісторыі сваімі законамі і тэорыямі. У гісторыі застанецца і норма Сахарава.
XS
SM
MD
LG