Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ірану выступіў з новым нападам на Ізраіль


Сяргей Шупа, Прага Прэзыдэнт Ірану Махмуд Ахнадзінэджад выступіў з новымі нападкамі на Ізраіль. Выступаючы сёньня перад шматтысячнай аўдыторыяй у горадзе Загедан на паўдзённым усходзе Ірану, ён назваў Галакост мітам і паўтарыў, што Ізраіль мусіць быць перанесены з Блізкага Ўсходу ў іншае месца.

Ахмадзінэджад вярнуўся сёньня да тэмы, пра якую ён ужо згадваў на мінулым тыдні, калі заявіў, што калі за Галакост адказвае Эўропа, дык хай яна сама шукае месца, куды б можна было перанесьці Ізраіль з Блізкага Ўсходу.

(Ахмадзінэджад: ) “Калі вы ўчынілі гэтае сур''ёзнае злачынства, чым чаму за яго павінны расплачвацца невінаваты народ Палестыны?”

Іранскі прэзыдэнт таксама заявіў: “Яны (г. зн. Захад) прыдумалі міт, нібыта гэбраяў вынішчалі, і ставяць яго вышэй за Бога, рэлігіі і прарокаў”.

(Ахмадзінэджад: ) “Калі вы сапраўды ўчынілі такое злачынства, дык будзе добра, калі вы знойдзеце ім месца ў сябе – у Эўропе, Злучаных Штатах, Канадзе або на Алясцы – каб яны маглі стварыць сабе новую краіну”.

Ізраіль, Нямеччына і Эўрапейскі Зьвяз адразу асудзілі гэтыя выказваньні Ахмадзінэджада.

Прадстаўнік ізраільскага Міністэрства замежных справаў Марк Рэгеў заявіў у Ерусаліме:

(Рэгеў: ) “Калі да спалучэньня вельмі радыкальнага рэжыму з перакручаным адчуваньнем рэчаіснасьці, што ясна відаць у заявах Ахмадзінэджада, якія мы сёньня пачулі, дадаць яшчэ і праблему ядзернай зброі – дык атрымаецца небясьпечная камбінацыя, якую ніхто ў міжнароднай супольнасьці ня можа дапусьціць”.

Тым часам Эўразьвяз лічыць, што такія заявы іранскага прэзыдэнта недапушчальныя ў цывілізаваным палітычным дыялёгу. Пазыцыю Эўрапейскай Камісіі выказала ў Брусэлі яе прэсавы сакратар Эма Удвін:

(Удвін: ) “Мая рэакцыя на тое, што зноў заявіў прэзыдэнт Ірану, такая: гэткія выказваньні проста непрымальныя. І мы вельмі добра адчуваем, што такімі заявамі Іран шкодзіць сваім інтарэсам, такія крокі не спрыяюць вяртаньню даверу да Ірану і да ягоных намераў”.

На думку некаторых іранскіх экспэртаў, гэткія заявы прэзыдэнта сапраўды шкодзяць інтарэсам Ірану і даюць дадатковыя аргумэнты яго ворагам. Тэгеранскі журналіст Машаула Шамсульваэзін лічыць, што яны ствараюць вакол Ірану крызысную сытуацыю:

(Шамсульваэзін: ) “Сп. Ахмадзінэджад ня бачыць розьніцы ці ён гаворыць як звычайны грамадзянін – які можа выказваць розныя думкі – або як прэзыдэнт. Такіх заяваў ужо 25 гадоў не рабілі ні сродкі масавай інфармацыі, ні палітычныя арганізацыі, ні партыі, ні асобныя палітыкі. Таму можна сказаць, што гэта яго асабістыя меркаваньні і практычна яны маюць на мэце стварэньне крызысу ў міжнародных дачыненьнях Ірану”.

Сёньняшнія заявы Ахмадзінэджада асудзіла і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі, назваўшы іх “непрымальнымі”.
XS
SM
MD
LG