Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: ці Беларусь карумпаваная краіна?


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёньня ўступае ў сілу Канвэнцыя Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў супраць карупцыі. Упершыню ў сьвеце ўрады многіх краінаў будуць каардынаваць сваю працу ў галіне барацьбы з карупцыяй. Напрыканцы лістапада міністар унутраўных справаў Беларусі Ўладзімер Навумаў паведаміў, што толькі за 2004 год было заведзена каля 5 тысяч крымінальных справаў, датычных карупцыі. Міжнародная арганізацыя па барацьбе з карупцыяй “Transparency International” паведаміла, што паводле рэйтынгу карумпаванасьці Беларусь у 2004 годзе апусьцілася з 53 на 69 месца ў сьвеце. Павялічыўся, ці, наадварот, зьменшыўся ўзровень карупцыі ў Беларусі за апошні час? Гэтае пытаньне людзям на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, за апошні час у Беларусі падвысіўся ўзровень карупцыі ці панізіўся?”

(Хлопец: ) “Я лічу, што вельмі высокі”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, вам даводзілася некалі даваць чыноўнікам хабар?”

(Хлопец: ) “Не чыноўнікам, а выкладчыкам ва ўнівэрсытэце”.

(Спадар: ) “Бяруць, але ня ўсе. Па-рознаму бывае. У дробных маштабах карупцыя існуе”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што высокі. Куды б ні прыйшоў — паўсюль адны адмовы. Ходзіш ад акна да акна і думаеш, што чыноўнікі не зацікаўленыя, каб людзі арганізоўвалі свае справы”.

(Спадар: ) “Вельмі вялікі — гэта ж відаць”.

(Дзяўчына: ) “Думаю, што высокі. У многія ВНУ цяпер вельмі складана паступіць. Патрэбныя альбо сувязі, альбо грошы”.

(Дзяўчына: ) “Вялікі ўзровень. Складана трапіць ва ўнівэрсытэт тым, хто ня мае грошай”.

(Хлопец: ) “У мяне няма сур’ёзных падставаў так лічыць, бо ня маю сьведчаньняў. Але здаецца, што ўзровень вялікі”.

(Спадарыня: ) “Ня ведаю, штро сказаць, але што зьніжаецца — ня думаю. Думаю, узровень высокі”.

(Спадар: ) “Вельмі высокі, я гэта ведаю, бо сам сутыкаўся”.

(Хлопец: ) “На мой погляд, ня вельмі высокі ўзровень. Ёсьць краіны, дзе і вышэй. Я студэнт, з карупцыяй ня вельмі сутыкаўся. У маёй навучальнай установе карупцыя ёсьць, і я гэта ведаю. Але ўстановы называць ня буду”.

(Дзяўчына: ) “Высокі, я ў гэтым не сумняюся. Падчас працаўладкаваньня пакуль цябе нехта не парэкамэндуе — альбо блізкія, сваякі, альбо знаёмыя за грошы, бяз гэтага практычна немагчыма працаўладкавацца”.

(Спадар: ) “Карупцыя ёсьць, і яе вельмі шмат. Можа, ня столькі карупцыя за грошы, колькі сваяцкія сувязі. Хтосьці камусьці некалі дапамагаў, недзе калісьці разам працавалі. Карупцыя існуе не ў традыцыйным сэнсе — прыходзіш і кладзеш грошы, а ў сувязях”.

(Спадарыня: ) “Думаю, узровень высокі. Але калі я з гэтым сутыкаюся, мне чамусьці ўдаецца перамагаць. Я лічу, што гэта вынікае з палітычнай сытуацыі, з той ярархіі, якая пабудаваная ў дзяржаве, кіроўнай сыстэмы. Інакш проста яна не працуе”.
XS
SM
MD
LG