Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Чаргінец тлумачыць сваю пазыцыю ў нацыянальным пытаньні


Валер Каліноўскі, Менск Старшыня стваранага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, кіраўнік камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Мікалай Чаргінец выступіў з тлумачэньнямі адносна апублікаванага 7 сьнежня нашым радыё інтэрвію зь ім пад назвай “Старшыня новага пісьменьніцкага саюзу Мікалай Чаргінец: “Я быў выхаваны ва ўмовах расейскамоўя, я ніколі сябе не лічыў беларусам”. Спадар Чаргінец мяркуе, што ягоная пазыцыя ў гэтым інтэрвію была скажоная. Якая ягоная сапраўдная пазыцыя ў гэтым пытаньні, спадар Чаргінец сёньня паведаміў у заяве нашаму радыё.

Мікалай Чаргінец даў інтэрвію “Свабодзе” напярэдадні сходу Літфонду, які пазбавіў яго пасады старшыні гэтай арганізацыі паводле ягонай заявы. Тое інтэрвію Мікалая Чаргінца выклікала вялікі розгалас, аднак спадар Чаргінец мяркуе, што пэўныя ягоныя выказваньні былі няправільна зразуметыя, у прыватнасьці, фраза наконт таго, што ён не лічыў сябе беларусам. Спадар Чаргінец гэта абвяргае:

(Чаргінец: ) “Я заўсёды лічыў сябе беларусам, я нарадзіўся ў горадзе Менску, мая маці — ураджэнка Менскага раёну, вёскі Ўзбор’е. І канечне, я не магу ўспрыняць такую заяву, якая была зробленая ў гэтых адносінах. Я заўсёды сябе адчуваў і беларусам, і сынам сваёй роднай краіны Беларусі. Такім застаюся і цяпер”.

Мікалай Чаргінец лічыць цытату ў яго інтэрвію Радыё Свабода ад 7 сьнежня аб тым, што ён ніколі не лічыў сябе беларусам, памылковым трактаваньнем ягоных думак:

(Чаргінец: ) “Гэта памылка, альбо памылка, зьвязаная з тым, што ня так быў прачытаны сэнс маіх выказваньняў. Я не дапускаю, канечне, што тут была нейкая злая задума”.

Спадар Чаргінец патлумачыў, што ён ня піша твораў на беларускай мове, бо ў свой час вучыўся ў адзінай у акрузе расейскамоўнай школе №13 у Менску:

(Чаргінец: ) “А ў сілу таго, што ў нас сям’я была шматдзетная, бацька прыйшоў з вайны бяз ног, і ўсяго ў сям’і было сем ратоў, я вымушаны быў пайсьці працаваць і адначасова працягваць вучобу ў вечаровай школе працоўнай моладзі, дзе зусім беларускай мовы не выкладалі”.

Спадар Чаргінец паведаміў, што пасьля гэта ён вучыўся ў Вышэйшай школе трэнэраў, на юрфаку БДУ, дзе таксама не выкладалі беларускай мовы.

(Чаргінец: ) “Такім чынам, я быў пазбаўлены магчымасьці нармальна вывучаць мову, хаця я яе ведаю, магу размаўляць, чытаць, але пісаць, канечне, я ўжо не магу”.

Спадар Чаргінец патлумачыў і свае адчуваньні, калі ён шмат езьдзіў па СССР і за мяжой як спартовец, з чым была зьвязаная цытата ў інтэрвію, зь якой ён ня згодны:

(Чаргінец: ) “Мы прадстаўлялі не Беларусь, Расею ці Ўкраіну, а адзіны Савецкі Саюз, і адчувалі мы адну краіну, гаварылі, прадстаўляючы менавіта гэтую адну вялікую на той момант краіну”.

Мікалай Чаргінец кажа, што Саюз пісьменьнікаў Беларусі, які цяпер ствараецца, выступае за тое, каб беларуская мова разьвівалася і атрымала ў краіне самы шырокі распаўсюд, і абяцае дамагчыся гэтага.

Гл. таксама: • “Я быў выхаваны ва ўмовах рускамоўя, я ніколі сябе не лічыў беларусам” Аўдыё-запіс папярэдняга інтэрвію: • у фармаце Real Player • у фармаце Windows • Увесь паўгадзінны блёк (7 мэгабайт; інтэрвію з 17-й па 21-ю хвіліну)
XS
SM
MD
LG