Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці пусьцяць Валера Леванеўскага на пахаваньне бацькі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск У вязьня Івацэвіцкай калёніі Валера Леванеўскага памёр бацька. У Станіслава Леванеўскага, які да апошняга чакаў вызваленьня сына з калёніі, ня вытрымала сэрца.

Станіславу Леванеўскаму ішоў 72-гі год. Ён памёр 14 сьнежня ў Горадні ад хваробы сэрца.

Сын вязьня Ўладзімер распавёў, што праблемы са здароўем у дзеда асабліва абвастрыліся пасьля арышту Валера Леванеўскага ў траўні 2004 году. З прычыны хваробы Станіслаў Леванеўскі гэтак і ня здолеў наведаць сына ў калёніі, хаця вельмі гэтага хацеў. Кожны дзень бацька чакаў паведамленьня, што сына выпусьцяць на волю па амністыі, ці ўмоўна-датэрмінова, хаця і прызнаваўся, што не асабліва ў гэта верыць, паколькі ягоны сын — палітычны вязень. Дарэчы, палітыка непасрэдна ўварвалася і ў ягонае жыцьцё.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “У дзядулі таксама праводзілі ператрус супрацоўнікі КДБ, запалохвалі яго, што пасадзяць, калі не адчыніць дзьверы. Ён вельмі перажываў, але спадзяваўся да апошняга, што ўбачыць сына. Але не атрымалася”.

Ці адпусьцяць Валера Леванеўскага на пахаваньне бацькі? Начальнік Івацэвіцкай калёніі Міхаіл Кармановіч паведаміў Радыё Свабода, што пры пэўных умовах гэта магчыма.

(Кармановіч: ) “ Гэта вырашаецца ў рабочым парадку. Сваякі мусяць падаць пэўныя дакумэнты (яны ведаюць, якія). Усё яшчэ магчыма”.

Сын Валера Леванеўскага Ўладзімер спадзяецца, што яны пасьпеюць атрымаць усе патрэбныя паперы і адвезьці іх у калёнію. Працэдура часовага вызваленьня вязьня патрабуе таксама ўзгадненьня з пракурорам, паведаміў Уладзімер Леванеўскі.

Нагадаем, Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG