Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мне, беларусу, трэба размаўляць з Богам на сваёй роднай мове...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў – 14 сьнежня. Званок на Свабоду. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьць за выказваньні слухачоў.

(Спадар: ) “Радыё Свабода, я сам пэнсіянэр. Хачу сказаць пра падзеі, якія ў гэтым годзе адбыліся.

Спачатку хачу сказаць, што Лукашэнка 10 год са сваім сьцягам бальшавіцкім чырвоным не пабудаваў сьветлага будучага, і ня бачна яго. Толькі спайваецца народ Дажынкамі, гэтымі днямі калгасьніка, якія раней бальшавікі ўстройвалі.

А ў гэтым годзе 2005 я задаволены, што Мілінкевіча выбралі адзіным кандыдатам. Жыве Беларусь!”

(Спадар, Менск: ) “Самай галоўнай падзеяй 2005 году я лічу тое, што першага і другога кастрычніка адбыўся Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, які вылучыў адзінага кандыдата Мілінкевіча на прэзыдэнцкія выбары.

А адмоўным зьяўляецца тое, што дзьвюма палатамі былі прынятыя антыдэмакратычныя папраўкі ў Крымінальным кодэксе”.

(Пэнсіянэр Лапахін: ) “3 і 6 сьнежня была перадача “Веру ў Бога, але ня веру царкве”. Маё стаўленьне да гэтага пытаньня.

У мяне супалі ў часе дзьве падзеі: крах камуністычнай ідэалёгіі і выхад на пэнсію. Зьявілася больш свабоднага часу, стаў слухаць Радыё Свабода. Вялікае ўражаньне на мяне зрабілі перадачы “Сымбаль веры”. Паступова прыйшло разуменьне, што камуністычныя ідэі – гэта своеасаблівая рэлігія, вельмі жорсткая, крывавая, бесчалавечная. Так я прыйшоў к Богу. Стаў наведваць царкву. А там незразумелая для мяне царкоўна-славянская мова, усюды рускамоўе. Добра помню словы апостала Паўла: “Пакуль я малюся на чужой мове, то дух мой хоць і моліцца, але розум застаецца бяз плоду”.

Я ў тым узросьце, калі чалавек задумваецца аб зробленым за сваё жыцьцё. А молячыся на чужой для мяне рускай мове, я не здабуду плоду. Перакананы, што мне, беларусу, трэба размаўляць з Богам на сваёй роднай беларускай мове. Па гэтай прычыне перастаў наведваць царкву”.

(Мазура Надзея, Наваградак: ) “Ідзе Новы год, але ж маіх дзяцей ён ня радуе, бо прыходзіцца жыць у гнілым аварыйным доме. Толькі кошты растуць на прадукты і на цукеркі. Немагчыма купіць дзецям падарункі да Новага году!

Мяне ўражвае тое, што прыходзіш да гарадзкіх уладаў, а яны нахабна выганяюць людзей з кабінэту. За тое, што я кажу праўду, Кулак адмаўляецца мяне прымаць. Была арганізацыя, яе разабралі, трактары распрадалі, а сваю кантору, трохпавярховы будынак, чыноўнікі разьбіраюць на свае патрэбы. Чаму б гэты будынак не аддаць пад кватэры ці хаця б пад інтэрнат, каб даць людзям жыльлё? Чаму Лукашэнка на гэта глядзіць спакойна? Людзі зьвяртаюцца ў газэты, але адказу канкрэтна не атрымоўваюць. Гарадзкія ўлады хваляцца, што ў іх “каменная сьцяна”, што іх немагчыма разьбіць, бо яны зьвязаныя зь менскімі некаторымі чыноўнікамі.

Так, мяне абурае тое, што наш Лукашэнка зрабіў людзей бедных рабамі, а чыноўнікаў панамі. Немагчыма дамагчыся ніякай праўды. Няўжо няма яе? Няўжо яна ўжо не існуе? Мяне абурае тое, што калгасы дабіваюць, арганізацыі прадаюць, а на гэта Лукашэнка глядзіць спакойна. Чаму ён ня зможа даслаць камісію да нас у Навагрудак і не разьбярэцца, што тут робяць нашы чыноўнікі?

Я прашу, каб вы перадалі мой рэпартаж, каб Лукашэнка трохі падумаў пра людзей”.

(Спадар:) “Вы запыталі пра падзеі радасныя і дрэнныя гэтага году. Дык я вось што хачу сказаць.

Вельмі добра дзяржава зрабіла адзінокім старыкам, у тым ліку і мне: паставіла лічыльнік на гарачую і халодную ваду. Гэта вельмі добры жэст цудоўны. Гэта ў сутнасьці неяк паляпшае нашае становішча.

А дрэнна, канечне, тое, што жыцьцё ўсё ж такі даражэе. Шкада дзяцей і старыкоў.

Вельмі мне яшчэ падабалася, як выступіў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка на сэсіі ААН. Справядліва, правільна!

І вельмі не падабаецца, што амэрыканцы забілі больш за 100 тысяч людзей у Іраку, спачатку пад сьцягам, што яны маюць там нейкую зброю масавага зьнішчэньня, а цяпер ужо перакваліфікавана на тэрарызм. Не было ў Іраку тэрарызму! І зброі не было! Іх бы толькі апраўдаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG