Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зьміцер Піменаў абвясьціў галадоўку пратэсту


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня ў Бэльгіі Зьміцер Піменаў, які больш месяца знаходзіцца за кратамі ў Брусэлі, абвясьціў галадоўку пратэсту супраць парушэньня ягоных правоў. Праз пяць дзён адбудуцца судовыя слуханьні, у часе якіх будзе вырашана, законна ці не спадар Піменаў быў арыштаваны.

Паводле жонкі Зьміцера Піменава – Кацярыны, якая наведала ўчора брусэльскую турму “Ворст”, Зьміцер адчувае сябе добра. Нягледзячы на хворае сэрца, ён, аднак, вырашыў пачаць галадоўку.

(Піменава: ) “Ён афіцыйна абвясьціў галадоўку – напісаў дырэктару ліст, у якім афіцыйна паінфармаваў аб гэтым. Гэта галадоўка супраць таго, што яго трымалі на строгім рэжыме, а таксама супраць таго, што не прад’яўляюць абвінавачаньяў. Зьміцер дзякуе ўсім за тое, што яго падтрымліваюць”, – сказала беларускай Свабодзе Кацярына Піменава.

Зьміцера Піменава затрымала бэльгійская паліцыя 8 лістапада сёлета, калі ён спрабаваў дамагчыся для беларусаў – удзельнікаў галадоўкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў у Беларусі і дасьледаваць справы зьніклых палітыкаў, дазволу застацца ўначы на пляцы Шумана ў цэнтры Брусэлю. На пачатку зьявілася інфармацыя, што спадара Піменава абвінавачваюць у нелегальным знаходжаньні на тэрыторыі Бэльгіі, потым, аднак, высьветлілася, што ён мае права на жыхарства на тэрыторыі гэтай краіны, і ў часе рэгістрацыі, якую трэба праходзіць замежнікам раз на тры месяцы, ніхто ня меў да Піменава ніякіх прэтэнзіяў.

Дагэтуль невядома, за што канкрэтна арыштавалі Зьміцера Піменава. Паводле Вінцэнта Вэрэкэ – адваката спадара Піменава, 19 сьнежня ў часе судовых слуханьняў яму альбо будуць прад’яўленыя абвінавачаньні, альбо ён будзе вызвалены.
XS
SM
MD
LG