Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскае грамадзкае тэлебачаньне абуранае дэпартацыяй зь Менску сваёй карэспандэнткі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Прадстаўнік тэлебачаньня заявіў нашаму радыё, што будзе рабіцца ўсё, каб дамагчыся дазволу на працу ў Беларусі для Агнешкі Рамашэўскай.

Сёньня пра затрыманье спадарыні Рамашэўскай паведамляюць вядучыя польскія газэты, да гэтай тэмы працягваюць вяртацца найбольш папулярныя радыё і тэлеканалы краіны.

“Rzeczpospolita” адзначае, што ў журналісткі посьскага тэлебачаньня, якая мае сапраўдную беларускую візу і акрэдытацыю, беларускія памежнікі адабралі пашпарт і бяз пашпарта хацелі пасадзіць у самалёт, які адлятаў назад у Варшаву. “Gazeta Wyborcza” нагадвае, што Агнешка Рамашэўская да гэтага некалькі месяцаў працавала ў Беларусі, інфармуючы палякаў, сярод іншага, пра канфлікт вакол СПБ.

Гаворачы пра далейшыя захады польскага грамадзкага тэлебачаньня ў гэтай справе, ягоны прадстаўнік Яраслаў Шчэпаньскі заявіў беларускай Свабодзе:

(Шчэпаньскі: ) “Пакуль мы будзем рабіць усё магчымае, каб усё ж дамагчыся дазволу на працу ў Беларусі для Агнешкі Рамашэўскай. Гэта няпростая справа, але мы будзем гэта рабіць. Але ў скрайнім выпадку польскае тэлебачаньне мае шмат журналістаў, якія маглі б працаваць у Беларусі”.

Паводле спадара Шчэпаньскага, даволі стрыманая рэакцыя МЗС Польшчы на дэпартацыю Агнешкі Рамашэўскай, гэта правільная тактыка.

(Шчэпаньскі: ) “Тут ёсьць розныя падыходы. Мы лічым, што рэзкія захады ў адказ могуць ўскладніць працу ў Беларусі іншых журналістаў.”

Яраслаў Шчэпаньскі кажа, што намер польскага тэлебачаньня адкрыць свой сталы карпункт у Менску не зьвязаны непасрэдна з маючымі адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкімі выбарамі.

(Шчэпаньскі: ) “Мы папросту хочам мець там сваё прадстаўніцтва. Але натуральна, што адкрываць карэспандэнцкі пункт у сытуацыі, калі нельга будзе нікога з журналістаў туды накіраваць для працы, ня мае сэнсу”.
XS
SM
MD
LG