Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Кучынскі стварае дружыны з былых афіцэраў


Уладзімер Глод, Менск У Кобрынскім раёне бліжэйшым часам будуць дзейнічаць добраахвотныя дружыны, у якія ўвойдуць былыя афіцэры. Пра гэта сёньня на сэсіі Палаты Прадстаўнікоў паведаміў Віктар Кучынскі, абраны дэпутатам ад Кобрынскай выбарчай акругі.

Пры абмеркаваньні пытаньня аб супрацьдзеяньні гандлю людзьмі Кучынскі сказаў, што ў Кобрынскім раёне апошнім часам зьявілася “зашмат чачэнцаў, азэрбайджанцаў ды асобаў іншых каўкаскіх нацыянальнасьцяў”. “У нас яны больш ня будуць знаходзіцца, яны паедуць дахаты ў свае Гімалаі. А цяпер яны, як прусакі, лезуць ва ўсе шчыліны,” – заявіў дэпутат.

Супраць Віктара Кучынскага рэзка выступіла дэпутат Вольга Абрамава. Яна абвінаваціла калегу ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Абрамава папярэдзіла Кучынскага, што калі ён сапраўды “пачне рабіць у Кобрыне зачысткі”, дык яна адразу “ўзбудзіць супраць яго крымінальную справу”.



Віктар Кучынскі ў парлямэнце ад 1990 году. Ад 1994 працаваў памочнікам прэзыдэнта ў асобых даручэньнях, ад 1997 да 2001 ўзначальваў дэпартамэнт гуманітарнай дапамогі Рэспублікі Беларусь. Вядомы сваім выказваньнем пра тое, што гатовы “абараняць прэзыдэнта з гранатамётам у руках”, а таксама прапановай увесьці крымінальную адказнасьць за гомасэксуалізм.

XS
SM
MD
LG