Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе адчынены офіс Эўракамісіі ў Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Эўракамісія -- выканаўчы ворган адной з самых уплывовых міжнародных арганізацыяў -- Эўразьвязу, зьвярнулася да кіраўніцтва Беларусі з прапановай адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Менску. Да гэтага часу беларускімі, а таксама малдаўскімі справамі займаўся кіеўскі офіс. Аднак сёлета ўвосень у Кішынэве адкрылася самастойнае прадстаўніцтва. Ці возьме Беларусь прыклад з Малдовы?

Амбасадар Йен Боўг -- кіраўнік кіеўскага прадстаўніцтва Эўракамісіі гаворыць, што так званая вярбальная нота з адпаведнай прапановай ужо разглядаецца ва ўладных беларускіх структурах.

Учора прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Руслан Есін, да якога я зьвярнуўся з адпаведным пытаньнем, паведаміў:

(Есін:) "Мы атрымалі гэтую ноту, і яна будзе разгледжаная ў вызначаным парадку".

(Карэспандэнт:) "І калі, прыкладна, стане вядомы вынік?"

(Есін:) "Цяпер мне цяжка пра гэта сказаць".

Да гэтага можна дадаць, што некаторыя беларускія аналітыкі, напрыклад, Андрэй Фёдараў, лічаць: афіцыйны Менск будзе наўмысна цягнуць з адказам на запыт Эўракамісіі. І, праўдападобна, да таго часу, пакуль у Беларусі ня пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Ёсьць факт, які ўскосна пацьвярджае такі прагноз. Йен Боўг у рангу амбасадара яшчэ у красавіку перадаў копіі сваіх даверчых лістоў міністру замежных спраў Беларусі Сяргею Мартынаву. Аднак сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у дыплямата пакуль не адбылося.

Ад некаторых палітыкаў даводзілася чуць: галоўнае не дыслякацыя, а тое, каб Эўразьвяз нарэшце выпрацаваў канкрэтную стратэгію адносна Беларусі. А дзе яна будзе рыхтавацца -- у Брусэлі, Варшаве, Вільні, Кіеве ці дзе ў іншай сталіцы – гэта, маўляў, справа другасная. Але адкрыцьцё прадстаўніцтва менавіта ў Менску якраз і падкрэсьлівае жаданьне Эўразьвязу ды Эўракамісіі больш эфэктыўна ўплываць на беларускія справы, лічыць лідэр Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька:) "Цяпер стратэгія Брусэлю адносна Беларусі праяўляецца ў ... адсутнасьці стратэгіі. Калі ж тут ёсьць офіс, ёсьць людзі, прынамсі, адказныя і за распрацоўку такой стратэгіі, дык ёсьць і канкрэтныя дзеяньні. Калі ж офісу ў Менску няма, а ён месьціцца дзесьці ў Кіеве ці Варшаве, і ў яго, акрамя Беларусі, яшчэ некалькі краінаў, прыкладам, тая ж Украіна, якая і ў парамэтрах, і ў сваёй актуальнасьці больш важкая для Брусэлю, дык бачна, што Беларусь нават у гэтым фармаце знаходзіцца дзесьці на другім, трэцім, чацьвёртым месцы... Таму, перадусім, месца дыслякацыі паказвае прыярытэтнасьць гэтай тэмы для Брусэлю".

Украіна за адзін год атрымала ад Эўразьвязу 80 мільёнаў эўра, у той час як Беларусь роўна ў 10 разоў менш, да таго ж нават не за год, а -- за два. Галоўная віна тут, паводле супрацоўнікаў кіеўскага офісу, кладзецца на занадта бюракратызаваную сыстэму ўзгадненьня праектаў зь беларускім урадам. Больш усяго грошай ад эўрапейцаў (амаль 3 мільёны эўра) ідзе цяпер на падтрымку насельніцтва ў чарнобыльскіх рэгіёнах, амаль 2 мільёны выдаткуюць на адукацыю ў рамках праграмы Tempus.

Амбасадар Боўг падзяліўся са мной такой статыстыкай. Брусэль прапанаваў сёлета Беларусі ажыцьцявіць 18 праектаў, а зарэгістраваныя пакуль толькі 3. Адмоў ужо 5. Яшчэ 10 фармальна чакаюць разгляду. Да Новага году застаецца мала часу, таму можна меркаваць, што астатнія адказы наагул не паступяць у Кіеў, як гэта ўжо адбылося летась. А што да канкрэтных прапановаў, у ажыцьцяўленьні якіх Эўракамісіі адмовілі, дык спадар Боўг называе наступныя:

(Боўг:) "Падтрымка дзяцей-інвалідаў, падтрымка жанчын-прадпрымальніц, падтрымка аграрнага сэктару... І што характэрна -- дзейнасьць, якую ахопліваюць гэтыя ды іншыя праекты, не зьяўляецца рэвалюцыйнай. Яны накіраваныя на дапамогу жыхарам Беларусі ў іх намаганьнях палепшыць узровень свайго жыцьця..."
XS
SM
MD
LG