Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці зьніклага Зьмітра Завадзкага: “У мяне няма сумневу, што ў гэтай справе вінаваты ня толькі Ігнатовіч з саўдзельнікамі".


Алег Грузьдзіловіч, Менск Пяты год у турмах адбываюць пакараньне людзі, якіх прызналі вінаватымі ў бандытызьме і выкраданьні апэратара тэлеканалу ОРТ Зьмітра Завадзкага – гэтак званая банда Ігнатовіча. Ніводны зь іх сваёй віны не прызнаў. Сьледзтва не дало адказу на пытаньне, які ж лёс напаткаў Завадзскага пасьля ягонага зьнікненьня. Наш карэспандэнт сустрэўся з бацькамі асуджаных, якія ў адзін голас кажуць пра рэпрэсіі, што ў апошні час абрынуліся на іх сыноў у турме.

Валянціна Поклад адна гадавала двух сыноў. Старэйшы Максім, былы лейтэнант міліцыі, надзея і апора – цяпер у дваццаці кілямэтрах ад дому -- адбывае ў жодзінскай турме пажыцьцёвае пакараньне разам з Валерам Ігнатовічам. Валянціна Поклад кажа: зь Ігнатовічам яе сын толькі знаёмы, ніякім выкраданьнем, а тым больш забойствам людзей яны не займаліся, а ўсяго зьезьдзілі раз ў Чачню, спрабавалі наняцца кантрактнікамі ў расейскае войска, каб зарабіць грошы.

(Поклад: ) “Калі арыштавалі Максіма, гэта было 8 верасьня 2000 году. Там сьледчы Бранчаль заявіў мне, што сыну высунутае абвінавачваньне, але зусім не па Завадзкаму, зусім не па забойствам, а па эпізодзе з супрацоўнікам міністэрства культуры Грачовым, што яго вывозілі ў лес і катавалі. Гэта было 13 траўня. Мяне спыталі, дзе сын быў 13 траўня, і толькі праз месяц я згадала”.

Потым Валянціна Поклад прадставіць сьледзтву і сьведкаў, якія пацьвердзяць, што сын у той дзень езьдзіў да сваякоў ў вёску, але гэтыя паказаньні судом ня будуць улічаныя. Жанчына мяркуе: таму, што яны разыходзіліся з вэрсіяй, паводле якой Ігнатовіч помсьціў Завадзкаму.

У Чачню Ігнатовіч ды іншыя пасьля асуджаныя выправіліся неўзабаве пасьля таго, як зьнік Завадзкі. Але ў Чачні Ігнатовічу і ягоным сябрам не пашанцавала: мала што іх не ўзялі ваяваць, дык яшчэ затрымалі аўтамабіль ды ўчынілі ўсім пасажырам дэталёвую праверку. У выніку зьвесткі пра беларускіх спэцназаўцаў у Чачні сталі вядомыя ў Беларусі. І калі Ігнатовіч вярнуўся, яго, а пасьля іншых, затрымалі. З Чачнёй сьледзтва злучыла і падставу да помсты журналісту. У адным інтэрвію Зьміцер сапраўды згадаў, што падчас камандзіроўкі у Чачню бачыў там беларускіх спэцназаўцаў. Паводле сьледзтва, ён меў на ўвазе Ігнатовіча з саўдзельнікамі і тыя нібыта не даравалі апэратару...

Да чачэнскай вандроўкі групы Ігнатовіча датычны і асноўны рэчавы доказ, прад’яўлены сьледзтвам на карысьць вэрсіі пра выкраданьне Завадзкага. Гэта рыдлёўка зь біялягічным рэчывам журналіста, нібыта знойдзеная ў багажніку аўтамабіля Ігнатовіча. Але ніхто з групоўкі не пацьвердзіў, што бачыў яе там.

(Поклад: ) “Рыдлёўку, гэтую, лічу падкінулі. Першае, машыну аглядалі яшчэ ў Чачні і апісалі, што там было, і тады рыдлёўку не знайшлі. Але нават калі ўявіць, што Ігнатовіч гэта зрабіў, то, ўлічваючы ягоны досьвед працы ў органах, ён бы гэтую рыдлёўку ў багажніку не трымаў”.

Маці Максіма Маліка таксама перакананая, што Ігнатовіча даводзяць да заўчаснай сьмерці, каб назаўсёды прывязаць яго да выкраданьня Завадзкага і адвесьці падазрэньні ад сапраўдных злачынцаў. Я спытаў у жанчыны, а што адбываецца ў турме зь яе сынам?

(Валянціна Поклад: ) “ Максіма пазбавілі перадачы. Вось да Новага году я мусіла яму адвезьці перадачу харчовую, адзіную ў гаду, пазбавілі. Цяпер я ведаю чаму. У іх там новы корпус будавалі, і вязьняў задзейнічалі на будоўлі, дык Максім адмовіўся. Я разгубілася, дык на спатканьні нават размаўляць не магла. А ён тлумачыць: “Разумееш, атрымоўваецца, што я сваімі рукамі будую сабе турму.” Але ня толькі камэра ўзьдзейнічае. На іх жа ўсіх працягваюць ціснуць сьледчыя”.

Ці сапраўды сьледчыя пракуратуры працягваюць сустракацца з асуджанымі за выкраданьне Зьмітра Завадзкага? У пракуратуры Беларусі мне пацьвердзілі, што справа не закрытая і сьледчыя дзеяньні па ёй працягваюцца, але не ўдакладнілі, якія менавіта. Я паспрабаваў атрымаць камэнтары да прэтэнзіяў з боку сваякоў Ігнатовіча і ягоных саўдзельнікаў ў сьледчага Уладзіміра Чумачэнкі зь менскай пракуратуры. Уладзімір Чумачэнка удзельнічаў у расьсьледаваньні справы Завадзкага і перакананы, што працу сваю зрабіў сумленна. А падрабязьней размаўляць на гэтую тэму сьледчы адмовіўся.

(Чумачэнка: ) “ Па гэтай не закрытай справе не хацелася б пакуль даваць інтэрвію, таму, прабачце, нічога казаць ня буду. А што да прэтэнзіяў сваякоў, дык хіба яны могуць быць аб’ектыўнымі? Хіба бацькі што скажуць супраць сваіх дзяцей?”

А ці згодна з высновай суда маці Зьмітра Завадзкага? Вольга Завадзкая прысутнічала на працэсе і мяркуе, што на лаве падсудных былі не ўсе вінаватыя ў выкраданьні яе сына.

(Вольга Завадзкая : ) “У мяне няма сумневу, што ў гэтай справе вінаваты ня толькі Ігнатовіч з саўдзельнікамі. А што да таго, што на іх ідзе прэсінг і ціск, то, зразумела, яны непажаданыя”.

У Ігнатовіча за паўгода працэсу было некалькі адвакатаў, але іхныя прозьвішчы бацькі не назвалі. А вось маці Максіма Маліка згадала: сына бараніў барысаўскі адвакат Ігар Іваноў. Мне ўдалося зь ім злучыцца, але камэнтар адваката да справы быў кароткім, хаця і паказальным.

(Іваноў: ) “Вы мусіце разумець, што я не магу выказваць сваё меркаваньне, паколькі мушу падтрымліваць меркаваньне свайго кліента. А ягоная пазыцыя – гэта непрызнаньне віны цалкам, у поўным аб’ёме”.

Паводле Валянціны Поклад ад яе сына Максіма Маліка ўжо даўно не было лістоў, таму яна непакоіцца, ці не патрапіў сын ў карцэр. А вось маці другога саўдзельніка Ігнатовіча, Аляксея Гуза, дакладна ведае, што яе сын цяпер сядзіць ў карцэры. Толькі за што – ёй невядома.
XS
SM
MD
LG