Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы абвяргае заяву прадстаўніка КДБ Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня Міністэрства замежных справаў Літвы зрабіла афіцыйную заяву адносна паведамленьняў аднога з кіраўнікаў беларускага КДБ пра тое, што нібыта у Літве рыхтуюць беларускіх паўстанцаў, а беларускую моладзь на сэмінарах у лістападзе сёлета абучалі страляць на базах НАТО.

“Літоўскае МЗС упэўненае, што адкрытае, бяз штучна ствараемых перашкодаў супрацоўніцтва з суседняй краінай і яе народам дапаможа выправіць дэзінфармацыю пра неіснуючыя тэрарыстычныя групоўкі, нібыта рыхтаваныя у нашай краіне, а таксама іншыя міты, якія распаўсюджваюцца пра нашую краіну -- сябра НАТО і Эўразьвязу”, -- гаворыцца у паведамленьні, распаўсюджаным у аўторак увечары.

Напрыканцы мінулага тыдню намесьнік старшыні КДБ Беларусі Віктар Вегера паведаміў па дзяржаўным тэлеканале СТВ, што нібыта 9-11 лістапада сёлета “у Літве на натаўскіх базах беларускія апазыцыянэры вучыліся страляць”.

Паводле расейскай газэты “Камэрсант,” Віктар Вегера таксама заявіў, нібыта беларускі КДБ выявіў замежныя базы апазыцыянэраў, якія рыхтуюцца да паўстаньня супраць уладаў у часе наступных выбараў у Беларусі. Такія базы, паводле спадара Вегеры, ёсьць на тэрыторыі Літвы. У афіцыйным паведамленьні Міністэрства замежных справаў Літвы адзначаецца, што такія заявы “не адпавядаюць характару дачыненьняў Літвы і Беларусі, якія разам удзельнічаюць у праграме НАТО “Партнэрства дзеля міру”.

Літоўскае МЗС цьвердзіць, што летась 8-9 сьнежня у Літве гасьцявала група зь Беларусі, у складзе якой былі дыпляматы, супрацоўнікі міністэрстваў абароны і надзвычайных сытуацыяў, памежнікі. Беларускія прадстаўнікі цікавіліся інфармаваньнем грамадзкасьці пра НАТО, рознымі аспэктамі сяброўства Літвы у альянсе, і гэтая дэлегацыя, як і многія іншыя госьці зь Беларусі ды іншых краінаў, наведвала вайсковы навучальны цэнтар у Рукле. Там беларускія афіцыйныя асобы самі выпрабоўвалі дэманстрацыйны стэнд на стрэльбішчы. Гэткую самую магчымасьць мелі і тыя беларускія госьці, -- студэнты, прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў, -- якія былі у Літве сёлета 9-11 лістапада.

Як распавёў сакратар міністэрства аховы краю Літвы Рэнатас Норкус, згаданая дэлегацыя зь Беларусі наведвала і разьмешчаны у Рукле Навучальны полк, дзе гасьцям была прапанаваная “традыцыйная праграма” -- яны пазнаёміліся з вайскоўцамі, даведаліся пра умовы вайсковай службы, пабылі у сталоўцы, амбуляторыі, аглядалі навучальныя сродкі. Гасьцям зь Беларусі быў паказаны і трэнажор для стральбы з лазэрнага аўтамату, яны мелі магчымасьць яго паспрабаваць. Ніякай “сапраўднай страляніны” ня было.

Літоўская амбасада у Менску у 2005-2006 гадох зьяўляецца кантактнай амбасадай НАТО у Беларусі і інфармуе пра дзейнасьць альянсу і яго прынцыпы. Літоўскае МЗС разам з Соймам, іншымі дзяржаўнымі інстытуцыямі падтрымлівае гэтую дзейнасьць і заахвочвае далучэньне да гэтага літоўскіх недзяржаўных арганізацыяў, як мага больш шырокіх слаёў грамадзтва, адкрываючы як найбольш магчымасьцяў непасрэдным кантактам грамадзянаў Літвы і Беларусі. З ініцыятывы літоўскай амбасады увесь час ладзяцца паездкі у Літву для беларускай моладзі, журналістаў, настаўнікаў, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасьці і грамадзкіх арганізацыяў.

Літоўскае МЗС выказала шкадаваньне з нагоды таго, што пасьля заявы намесьніка старшыні беларускага КДБ адменены візыт дэлегацыі з беларускага міністэрства абароны у Літву, плянаваны на 22-23 сьнежня. Як распавёў дырэктар дэпартамэнту міжнародных сувязяў міністэрства аховы краю Літвы Альвідас Кунігеліс, меркавалася што у гэтыя дні у Літву прыедзе беларуская дэлегацыя “Маладыя вайскоўцы”, аднак беларускія улады паведамілі, што групу ня атрымалася сабраць і візыт быў адменены.

“Гэта мог бы быць яшчэ адзін крок да лепшага ўзаемнага паразуменьня, які б супакоіў беспадстаўныя страхі і дапамог бы лепш зразумець ролю Паўночнаатлянтычнага альянсу у сучасным сьвеце, які імкнецца супольнымі намаганьнямі адольваць пагрозы міжнароднай бясьпецы”, -- гаворыцца пра адменены візыт беларускай дэлегацыі у афіцыйнай заяве літоўскага МЗС.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG