Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч пабывае ў Кобрыне


Алесь Дашчынскі, Менск Працягваецца паездка па Берасьцейшчыне адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча. Пасьля дзвухдзённага знаходжаньня ў Берасьці сёньня ён будзе ў Кобрыне.

У Берасьці ўлады паводзілі сябе так як і ў іншых рэгіёнах: спрабавалі перашкодзіць сустрэчам, зламаць іх графік. За спадаром Мілінкевічам і ягонай дэлегацыяй сачылі прадстаўнікі спэцслужбаў і міліцыі. Транспарт, на якім перамяшчаўся МІлінкевіч і ягоная дэлегацыя, супрацоўнікі дзяржаўтаінспэкцыі затрымалі чатыры разы для праверкі. Урэшце, міліцыянты перашкодзілі сустрэчы адзінага кандыдата зь мясцовай інтэлігенцыяй, якая адбывалася на прыватнай кватэры. На кіраўніка гарадзкога штабу Зьіцера Шыманскага быў складзены пратакол за правядзеньне нібыта несанкцыянаванага сходу. Ці ўдалося дасягнуць чаканага эфэкту ад візыту Аляксандра Мілінкевіча ў Берасьце?

(Шыманскі: ) “ Асноўная праблема, з якой мы сутыкнуліся – гэта недахоп інфармацыі пра адзінага кандыдата сярод звычайных выбарнікаў. У тых месцах, дзе нам удалося распаўсюдзіць інфармацыйныя матэрыялы напярэдадні візыту, сустрэчы прайшлі на ўра. Прысутнічала каля 50 студэнтаў падчас сустрэчы каля Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. На “Цьветатроне” прысутнічала каля 30 працоўных. Але былі і складанасьці. Напрыклад, прадпрымальнікі баяліся ісьці на непасрэдны кантакт з Аляксандрам Мілінкевічам. Яны проста стаялі здаля і назіралі за тым, як ён гутарыць з іншымі людзьмі. Там такой агульнай размовы не атрымалася. Тое самае тычыцца завода БЭМЗ, дзе, на вялікі жаль, напярэдадні быў перапынены распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў такім выпадку, ці ёсьць сэнс у рэгіянальных паездках?”

(Шыманскі: ) “Безумоўна, я лічу, што сэнс і розгалас ад гэтых сустрэчаў будзе вялікі. Як бы там ні было, але ўвесь рынак пасьля візыту Аляксандра Мілінкевіча абмяркоўваў палітычныя праблемы ў нашай краіне. Яны цяпер ведаюць прозьвішча, ведаюць твар Аляксандра Мілінкевіча. Тое самае можна сказаць пра ўнівэрсытэт, які па сутнасьці стаяў на вушах дзякуючы адміністрацыі, якая за апошнія пяць гадоў увяла прапускны рэжым менавіта ў гэты дзень. Людзі, якія баяліся выйсьці на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам проста выглядалі ў вокны, ім было цікава, што ж там адбывааецца і хто прыехаў”.

Сёньня Аляксандар Мілінкевіч будзе ў Кобрыне. Ён плянуе правесьці “гарачую” лінію з жыхарамі горада а 17 гадзіне, наведае рынкі і сустрэнецца з працаўнікамі двух прадпрыемстваў, сярод якіх “Гідрамаш”, а таксама зь мясцовымі актывістамі. Спадар Мілінкевіч перадасьць падарункі дзіцячаму дому і пагутарыць зь вернікамі праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай канфэсій.

Фактычна, на гэты момант рэгіянальныя паездкі – гэта асноўная праца адзінага кандыдата. Як ацэньваюць яе палітыкі, якія застаюцца па-за межамі каманды? Наколькі эфэктыўнай здаецца ім цяперашняя кампанія Аляксандра Мілінкевіча?

Акадэмік Аляксандар Вайтовіч сам плянуе паўдзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдата. Ці бачыць ён сэнс у такіх рэгіянальных паездках, якімі цяпер займаецца спадар Мілінкевіч ?

(Вайтовіч: ) “Гэта як частка працы. Такую частку працы трэба было б рабіць. Але сустракацца трэба было б неяк шырока. Я баюся, што сустрэчы ідуць там з вельмі вузкай часткай насельніцтва. З часткай, якая апазыцыйна ўжо настроена, будзе галасаваць. Трэба шырэй неяк браць, працаваць найперш з тымі, хто вагаецца. Хай штаб думае, у яго штаб ёсьць для гэтага”.

Меркаваньне старшыні рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімера Коласа.

(Колас: ) “Стаўленьне даволі супярэчнае, таму што інфармацыі пра гэтыя паездкі і тым больш пра іх вынік практычна няма. Безумоўна, агульнае ўражаньне, чакалі, што ўсё гэта будзе мацней. На гэта ёсьць і аб’ектыўныя прычыны на такі фармат, узровень гучаньня. Мы маем тое, што маем. Вось гэтыя паездкі з загадзя вядомым вынікам і ўсё астатняе. На мой погляд, мы ня бачым нейкага прафэсійнага, моцнага і канкрэтнага пляна дзеяньняў. Бо вось проста такія паездкі па правінцыі – гэта вельмі, вельмі мала”.
XS
SM
MD
LG