Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Супрацоўнікі КДБ езьдзілі за намі цэлы дзень”


Алесь Дашчынскі, Менск Супрацоўнікі міліцыі сарвалі сустрэчу адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з інтэлігенцыяй у Берасьці. Яна праходзіла на прыватнай кватэры. Міліцыянты вінавацяць мясцовага актывіста ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу.

На сустрэчу сабраліся каля 70 чалавек. Прысутныя слухалі Аляксандра Мілінкевіча і задавалі яму пытаньні. Але праз пэўны час да будынку падышлі супрацоўнікі Маскоўскага райаддзелу міліцыі Берасьця на чале з намесьнікам начальніка Віталём Базылевічам. Там іх сустрэў мясцовы актывіст Зьміцер Шыманскі. Супрацоўнікі міліцыі сказалі, што ім паступіў сыгнал аб правядзеньні ў памяшканьні несанкцыянаванага сходу.

Міліцыянты прыгразілі, што выклічуць спэцпадразьдзяленьне і складуць пратакол на гаспадара, калі ўдзельнікі сустрэчы не разыдуцца. На просьбу спадара Мілінкевіча, удзельнікі сустрэчы вымушаныя былі разысьціся. Але з кіраўніком гарадзкога штабу Зьмітром Шыманскім міліцыянты яшчэ працягвалі размову і склалі пратакол, вінавацячы яго ў правядзеньні несанкцыянаванага сходу.

(Шыманскі: ) “За кватэрай ясна вялося назіраньне. Супрацоўнікі КДБ езьдзілі за намі цэлы дзень і, натуральна, што прыехалі да месца, дзе адбываўся сход. Гэта прыватная кватэра. Прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, спынілі сход. На мяне быў складзены пратакол за арганізацыю несанкцыянаванага сходу”.

Зьміцер Шыманскі адмовіўся падпісаць пратакол, так як лічыць дзеяньні міліцыі не абгрунтаванымі.

(Шыманскі: ) “Я больш чым упэўнены, што гэты пратакол нават не патрапіць у судовыя інстанцыі, таму што ён складзены з памылкамі, з выпраўленьнямі і ўвогуле не адпавядае рэчаіснасьці. Я думаю, што на гэтым уся справа скончыцца. Я думаю, што асноўная мэта іхняга візыту была менавіта перапыніць магчымасьць камунікацый Аляксандра Мілінкевіча з дэмакратычнай грамадзкасьцю Берасьця”.

Удзельніца сустрэчы Ірына Лаўроўская з гумарам ставіцца да спробаў улады перашкодзіць актыўнасьці грамадзян. Паводле спадарыні Лаўроўскай, гэта якраз сьведчыць пра няпэўнасьць уладаў.

(Лаўроўская: ) “Калі ўлада пэўная ў сабе, то яна не баіцца такіх сходаў, а нават падтрымлівае іх. Падтрымлівае грамадзкую актыўнасьць. А тут усё наадварот – заціснуць, задушыць. Але гэта выглядае анэкдатычна. Калі я забылася пальчаткі і вярнулася да будынку, то яны і на мяне гатовы былі ўжо скласьці пратакол”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG