Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Літва будзе вучыць ахоўнікаў дыктатарскага рэжыму”


Тацяна Поклад, Вільня Беларуска-літоўскае супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры выклікае неадназначную рэакцыю ў Літве. Літоўская грамадзкасьць абураецца, што сродкі зь дзяржаўнага бюджэту выкарыстоўваюцца на навучаньне вайскоўцаў апошняга дыктатара ў Эўропе. Тым часам афіцыйныя прадстаўнікі літоўскага Міністэрства абароны заяўляюць, што гэта скіравана на разьвіцьцё дэмакратыі ў беларускім войску.

Сёньня ў літоўскай прэсе ўзьнятая тэма супрацоўніцтва Беларусі й Літвы ў вайсковай сфэры, пагадненьне аб якім было днямі падпісанае ў Менску.

“Літва будзе запрашаць да сябе і вучыць ахоўнікаў рэжыму апошняга дыктатара ў Эўропе Лукашэнкі”, піша сёньня адна зь літоўскіх газэтаў (“Ekstra ˛inios"). Інфармацыю аб гэтым падае і балтыйскі найбуйнейшы інфармацыйны партал “Дэлфі”.

Дасюль у Літве шырока не паведамлялася аб гэтай двухбаковай дамове паміж беларускімі і літоўскімі вайскоўцамі, і літоўскія журналісты цьвердзяць, што даведаліся аб гэтым зь беларускіх СМІ. Мінабароны Літвы патлумачыла, што гэта шараговая падзея, якая ня вартая спэцыяльных прэс-рэлізаў, але пасьля ўзьняцьця тэмы літоўскімі журналістамі адказала на ўсе іх пытаньні.

Сакратар Міністэрства аховы краю Літвы Рэнатас Норкус патлумачыў, што праграма вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Літвы ўзгодненая з альянсам і адпавядае яго плянам:

(Норкус: ) “Вызначана некалькі спосабаў (супрацоўніцтва). Іх няшмат, але ўсе яны скіраваныя на разьвіцьцё дэмакратычных прынцыпаў ва ўзброеных сілах Беларусі. У Менску будзе некалькі сэмінараў, мы распавядзем пра прававыя прынцыпы ў нашым войску, пра вайсковы бюджэт. У ліку іншага мяркуецца і візыт нашых вайсковых інжынэраў у Беларусь, дапамога ў ідэнтыфікацыі розных выбуховых рэчаў, якія засталіся ў Беларусі ад часоў Другой сусьветнай вайны. І ў нас плянуецца некалькі сустрэчаў, беларускія вайскоўцы будуць вучыцца ў нашай вайсковай акадэміі на ангельскай мове. Гэта ўсё частка нашай замежнай палітыкі, якая ажыцьцяўляецца праз праекты ў сфэры абароны”.

Беларусь зьяўляецца партнэрам НАТО ў праграме “Партнэрства дзеля міру”.

Міністэрства аховы краю Літвы ачольвае сацыял-дэмакрат Гедымінас Кіркілас, у мінулай кадэнцыі Сойму ён быў старшынём камітэту замежных справаў, які ня раз заклікала да супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў розных сфэрах.

Лідэр апазыцыйнай партыі кансэрватараў парлямэнтар Андрус Кубілюс з гэтай нагоды заявіў:

(Кубілюс: ) “Узьнікае ўсё больш пытаньняў адносна палітыкі цяперашніх уладаў што да Беларусі. Калі мы падрыхтаваліся вучыць беларускіх вайскоўцаў, можа запрасіць яшчэ ў Літву і міліцыянтаў, якія ваююць супраць апазыцыі?”

Палітоляг Андрус Навіцкас, галоўны рэдактар аналітычна-інфармацыйнага парталу “Бэрнардыны” адзначыў, што “нельга, вядома, зрабіць выгляд, што Беларусі няма толькі таму, што ёю кіруе дыктатар ” і “Беларусі трэба па-суседзку дапамагаць, але ў дадзеным выпадку відавочна, што некаторыя нашыя дзяржаўныя асобы, якія паходзяць з савецкай намэнклятуры, папросту сымпатызуюць Беларусі і тамтэйшай сыстэме”.
XS
SM
MD
LG