Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсім Менску не знайшлося памяшканьня для пэнсіянэраў


Альгерд Невяроўскі, Менск Менскі гарвыканкам забараніў правядзеньне ўстаноўчага зьезду грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў “Старэйшыны”. У сваёй адмове намесьнік старшыні гарвыканкаму Міхаіл Пятрушын спаслаўся на адсутнасьць у горадзе памяшканьня для правядзеньня гэтага зьезду.

У адказе менскага гарвыканкаму арганізатарам зьезду гаворыцца, што ім адмоўлена ў правядзеньні мерапрыемства, бо ў горадзе няма для гэтай справы адпаведнага памяшканьня.

Адзін з арганізатараў зьезду пэнсіянэраў Уладзімер Раманоўскі сказаў, што яму і яго калегам адмовілі ў прадстаўленьні памяшканьня адміністрацыі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтру, палацу культуры “Сукно” і канцэртнай залі “Менск”.

Спадар Раманоўскі лічыць, што ўлады парушылі 59-ы артыкул беларускай Канстытуцыі аб абавязковым садзейнічаньні дзяржаўных органаў грамадзянам Беларусі ў ажыцьцяўленьні іх правоў. У гэтым выпадку права пэнсіянэраў на стварэньне сваёй арганізацыі.

На думку Ўладзімера Раманоўскага, улада паступіла амаральна ў адносінах да старэйшынаў беларускага грамадзтва. Арганізатары зьезду дэмакратычнага аб’яднаньня пэнсіянэраў, да якога далучылася амаль 1000 чалавек не выключаюць правядзеньня гэтага мерапрыемства ў адной з суседніх краінаў.
XS
SM
MD
LG