Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскую журналістку TVP1 дэпартуюць зь Беларусі?


Валер Каліноўскі, Менск Карэспандэнтку Польскага тэлебачаньня TVP1 Агнешку Рамашэўскую сёньня затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце “Менск”. Памежнікі хацелі дэпартаваць яе тым жа самалётам, якім яна прыляцела з Варшавы, але патрэбных дакумэнтаў не было. Чакаецца, што ёй давядзецца суткі прабыць у менскім аэрапорце і яе дэпартуюць наступным рэйсам.

Гэта ўжо другі выпадак адмовы на ўезд у Рэспублікі Беларусь для Агнешкі Рамашэўскай.

У суботу яе без асаблівых тлумачэньняў не ўпусьцілі ў краіну на аўтамабільным пераходзе Кузьніца Беластоцкая — Брузгі. Спадарыня Рамашэўска патлумачыла, што яна ўспрыняла гэта як непаразуменьне, паколькі мае сапраўдную візу і гадавую акрэдытацыю МЗС Беларусі, таму яна і вырашыла, што ў Менску, бліжэй да кіраўніцтва памежных органаў, такога не адбудзецца і паляцела ў Беларусь самалётам Польскіх авіялініяў.

Аднак і гэтым разам памежнікі адмовіліся прапусьціць яе на тэрыторыю краіны, – паведаміла спадарыня Рамашэўска:

(Рамашэўска: ) “Памежнік сказаў мне, што паводле закону Беларусі аб знаходжаньні замежных грамадзянаў я не магу ўехаць у Рэспубліку Беларусь. На якой падставе і чаму, пра гэта ён не захацеў казаць”.

Памежнікі спрабавалі дэпартаваць спадарыню Рамашэўскую сёньня ж тым жа самалётам, якім яна прыляцела, але капітан самалёта адмовіўся яе браць без квітка і пастановы аб дэпартацыі, якая прадстаўленая не была.

Такім чынам, самалёт у Варшаву адляцеў, і спадарыня Рамашэўская засталася ў памежнай зоне аэрапорту “Менск” бяз пашпарта і пад вартай.

Спадарыня Рамашэўска гаворыць, што пра прычыны такіх адносінаў да яе з боку беларускіх уладаў яна можа толькі здагадвацца, паколькі пасьпела зрабіць толькі некалькі матэрыялаў зь Беларусі, якія датычыліся канфлікту вакол Саюза палякаў, і нічым не нашкодзіла беларускай дзяржаве.

(Рамашэўска: ) “Навошта цяпер ўся гэтая гісторыя, гэтая авантура, эскаляцыя беларускім уладам, я не маю паняцьця. Напраўду, я не магу зразумець, чаму гэта адбываецца”.

Агнешка Рамашэўска гаворыць, што яна зьбіралася стварыць у Менску карпункт свайго тэлеканалу.

Адпаведнае рашэньне кіраўніцтва тэлеканалу прынятае, і прайшлі першыя перамовы на гэты конт зь беларускім МЗС. Яна зазначыла, што адкрыцьцё карпункта залежыць ад беларускіх уладаў, аднак не ў такой ступені, што яны будуць вырашаць, хто канкрэтна тут будзе працаваць.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Руслан Есін камэнтар наконт магчымасьці адкрыцьця ў Менску карпункта тэлеканалу TVP1 у Менску адклаў на больш позьні час.

Сёньня ж ён заявіў, што дзеяньні беларускіх памежных войскаў адносна спадарыні Рамашэўскай зьяўляюцца законнымі.

(Есін: ) “Што датычыць гэтай журналісткі, раней ёй было адмоўлена ва ўезьдзе на тэрыторыю нашай краіны. Нягледзячы на гэта, яна чарговы раз робіць спробу перасячэньня мяжы. Яе дзеяньні носяць правакацыйны і несяброўскі характар”.

Прадстаўнік Камітэту памежных войскаў Беларусі Васіль Кіптэнка паведаміў, што згодна з законам спадарыню Рамашэўскую накіруюць у краіну, зь якой яна прыбыла,– гэта значыць, дэпартуюць.

Гл. таксама • Карэспандэнтку TVP1 пакінулі на ноч у памежнай зоне Менск-2 • Карэспандэнтку Польскага каналу затрымалі ў Менскім аэрапорце • Польскае тэлебачаньне мае намер адкрыць карэспандэнцкі пункт у Менску
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG