Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году – чым можа пахваліцца Джордж Буш?


Віталь Цыганкоў, Прага Мы пачынаем падводзім некаторыя вынікі адыходзячага году ў міжнародных падзеях. Пасьля сваёй перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах ў лістападзе мінулага году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш паабяцаў асновай зьнешняй палітыкі ЗША зрабіць пашырэньне свабоды і дэмакратыі ў сьвеце, і асабліва на Блізкім Усходзе. Але пакуль вынікі гэтай палітыкі выглядаюць даволі супярэчліва, разьвіцьцё падзеяў у некаторых краінах былога СССР падкрэсьлівае тыя складанасьці, якія паўстаюць на гэтым шляху перад амэрыканскай адміністрацыяй.

Спрыяньне дэмакратыі і абарона правоў чалавека доўгія гады было стрыжнем амэрыканскай зьнешняй палітыкі. Аднак Джордж Буш у сваёй прамове ў студзені падчас інаўгурацыі на другі прэзыдэнцкі тэрмін абазначыў кардынальную зьмену ў акцэнтаваньні гэтай палітыкі. Буш назваў свабоду “заўсёднай надзеяй чалавецтва” і заявіў, што адгэтуль ЗША будуць заклікаць да дэмакратычных рэформаў паўсюдна, нават у краінах – партнэрах Амэрыкі

(Буш: ) "Мы будзем заахвочваць рэформы, даючы разумець іншым урадам, што прагрэс у нашых дачыненьнях запатрабуе годнага стаўленьня да ўласнага народу. Амэрыканская вера ў годнасьць чалавека будзе кіраваць нашай палітыкай, правы чалавека павінны быць больш чым неахвотныя саступкі дыктатараў. Яны забясьпечваюцца свабодным рознагалосьсем думак і ўдзелам у кіраваньні”.

Пацьвярджаючы гэтыя намеры, сёлета ЗША паспрыялі аслабленьню сірыйскага ўплыву на лібанскую палітыку, падтрымалі выбары ў палестынскай аўтаноміі, націскалі на Эгіпэт, патрабуючы там шматпартыйных выбараў, і забясьпечылі правядзеньне ў Іраку выбараў і рэфэрэндуму.

Але Томас Каротэрс, прадстаўнік Фонду Карнэгі ў падтрымцы міжнароднага міру, кажа, што актыўнае спрыяньне дэмакратыі на Блізкім Усходзе было істотнай, але не стратэгічнай зьменай палітыкі Вашынгтону. Напрыклад, адносіны бушаўскай адміністрацыі з Расеяй і Кітаем паказваюць, што ЗША яшчэ не гатовыя надта моцна ціснуць на гэтыя краіны з патрабаваньнем дэмакратычных рэформаў.

(Каротэрс: ) "Цяперашні балянс амэрыканскай палітыкі ў рэчышчы таго, дзе ЗША спрыялі дэмакратыі, а дзе не, на самой справе істотна не зьмяніўся сёлета. Мы і зараз бачым, што ЗША падштурхоўваюць да дэмакратыі ў пэўных рэгіёнах і ў значна меншай ступені – альбо зусім не – ў іншых, звычайна там, дзе ЗША маюць сяброўскія дачыненьні з недэмакратычнымі рэжымамі і інтарэсы бясьпекі.”

Адміністрацыя Буша ўхваліла каляровыя рэвалюцыі ў Грузіі, Украіне і Кіргістане і падтрымлівае новае кіраўніцтва гэтых краінаў. Але некаторыя іншыя дзяржавы рэгіёну ствараюць найбольшы выклік дэмакратычнаму зьменам. Карл Гершмам, прэзыдэнт Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі, фінансавай Злучанымі Штатамі арганізацыі, якая дапамагае ўзмацніць дэмакратычныя інстытуцыі больш чым у 90 краінах. Гершман кажа, што украінская аранжавая рэвалюцыя прымусіла кіраўнікоў некаторых краінаў узмацніць жорсткасьць сваіх рэжымаў.

(Гершман: ) “Важная рэч, з якой сустракаецца амэрыканская палітыка падтрымкі дэмакратыі – гэта супраціў такіх краінаў, як Расея, Беларусь, Узбэкістан, Зымбабвэ падзеям, падобнымі на ўкраінскія. Гэтыя краіны бачаць аранжавую рэвалюцыю як сыгналь папярэджаньня, і прымаюць захады, каб прадухіліць любыя дэмакратычныя зьмены ў будучым”

Узбэкістан уяўляе асаблівую праблему для амэрыканскіх палітыкаў. Пасьля падзеяў у горадзе Андыжане, дзе адбыліся меркаваныя масавыя забойствы цывільных грамадзянаў, ЗША патрабавалі правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня. У адказ Ташкент пастанавіў вывесьці з краіны амэрыканскія базы і ўзмацніў сувязі ў Расеяй і Кітаем.

Аналітыкі прызнаюць, што існуе пэўная напружанасьць паміж двума мэтамі – узмацненьнем рэгіянальнай стабільнасьці і дэмакратызацыяй асобных краінаў. Мітчэл Рэйс, кіраўнік плянаваньня палітыкі ў Дзярждэпартамэнце падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Джорджа Буша, сьцьвярджае, што правядзеньне палітыкі дэмакратызацыі застаецца праблемай разуменьня умоваў для пераменаў у кожнай канкрэтнай краіне. “Што можа быць правільна для Эгіпту, можа не падыходзіць для Пакістану, – кажа Рэйс. Але наша галоўная думка палягае ў тым, што кожная краіна павінна рухацца ў гэтым кірунку”.
XS
SM
MD
LG