Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Гэта страшныя зьмены, але яны ня спыняць працу праваабаронцаў”


Аляксей Знаткевіч, Прага Наш карэспандэнт гутарыць з прэсавым сакратаром Беларускага Хэльсынскага камітэту Зьміцерам Маркушэўскім.

(Карэспандэнт: ) “Расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, які ў свой час узначальваў адмысловы падкамітэт Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ў справах зьніклых у Беларусі, лічыць, што доказы ў справах аб гэтых зьнікненьнях навідавоку, і любое сур''ёзнае расьследваньне вырашыла б іх вельмі хутка. Ці Вы згодныя з такой ацэнкай?“

(Маркушэўскі: ) “Сапраўды, і ў БХК маюцца некалькі тамоў матэрыялаў публічнага расьследваньня справаў зьніклых, і гэтыя матэрыялы мы прадстаўлялі Сяргею Кавалёву, самой камісіі, і мы таксама іх далучалі да матэрыялаў афіцыйнага расьследваньня. Тыя сьведчаньні паказваюць якраз на магчымы ўдзел нават вышэйшых службовых асобаў у гэтых зьнікненьнях, таму нам зразумела, чаму сьледзтва не ідзе да канца, і мы яго ня можам зараз назваць поўным і адкрытым".

(Карэспандэнт: ) “Як Вы лічыце, аб''ектыўнае расьследваньне гэтых зьнікненьняў у цяперашняй Беларусі магчымае ці не?"

(Маркушэўскі: ) “Мы лічым, што яно не праведзенае поўным чынам і што яно не адказала на пытаньні, што насамрэч здарылася, напрыклад, са Зьмітром Завадзкім, дзе ён зараз, што адбылося..."

(Карэспандэнт: ) “Ваш камітэт – гэта, фактычна, адзіная агульнанацыянальная праваабарончая арганізацыя, якая цяпер мае дзяржаўную рэгістрацыю ў Беларусі. Цяпер былі ўнесеныя зьмены ў Крымінальны кодэкс: за ўдзел у арганізацыі, якая страціла рэгістрацыю, можна атрымаць да двух гадоў турмы. Як Вы прагназуеце: наколькі ўзрасьце нагрузка на БХК, калі ўсе вашы калегі апынуцца па-за законам?"

(Маркушэўскі: ) “Гэта сапраўды страшныя зьмены, якія ўводзяцца ў заканадаўства, але я ня думаю, што яны спыняць працу тых самаадданых, самаахвярных праваабаронцаў, якія працягваюць працаваць на карысьць абароны правоў чалавека – гэта і з закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру "Вясна", і зь іншых арганізацый. Я думаю, што гэтыя зьмены ўносяцца хутчэй як прэвэнтыўныя. Наўрад ці мне зараз уяўляецца магчымым, каб за так званую "дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне” можна было б пасадзіць тых самых праваабаронцаў, першай працай якіх гэта і зьяўляецца – даводзіць праўду людзям як у краіне, так і на міжнароднай арэне, каб было мажлівым нешта зрабіць унутры. І тыя выказваньні службовых асобаў, што нельга крытыкаваць краіну, бо краіна – гэта сям''я, і што нельга выносіць сьмецьце з хаты – натуральна, няслушныя. Бо нельга змагацца з пабытовым, хатнім гвалтам, калі мы ня будзем гаварыць пра гэты гвалт у сям''і".

(Карэспандэнт: ) “Дык Вы лічыце, што супраць праваабаронцаў гэты артыкул ня будзе выкарыстоўвацца?”

(Маркушэўскі: ) “БХК і іншыя праваабарончыя арганізацыі падаюць сваю інфармацыю як унутры краіны, уладным структурам, так і міжнародным арганізацыям. Напрыклад, што да выбараў, БХК рыхтуе поўную справаздачу з канкрэтнымі фактамі і ў першую чаргу дасылае гэтыя даклады ў ЦВК, уладам, пракуратуры, суду. І ніводзін факт, названы ў справаздачах, ня быў аспрэчаны, а паводле дзейснага заканадаўства, калі б мы пісалі няпраўду, нас можна было б прыцягнуць да адказнасьці ўжо даўно. Новыя зьмены – больш шырокія, яны адкрываюць шмат іншых шляхоў, каб прыцягнуць да адказнасьці праваабаронцаў на так званых "законных падставах".

(Карэспандэнт: ) “І апошняе пытаньне: на гэтым тыдні мы пытаемся ў слухачоў, якія падзеі гэтага году яны лічаць найбольш важнымі. А якая падзея была найбольш важная асабіста для Вас сёлета?"

(Маркушэўскі: ) “Я лічу вельмі важным, што пасьля добрага прыкладу яднаньня грамадзянскай супольнасьці – у першую чаргу праваабарончых арганізацый – важным крокам стала яднаньне палітычных дэмакратычных сіл. Я лічу вельмі важнай падзеяй Кангрэс дэмакратычных сіл, які нядаўна адбыўся".
XS
SM
MD
LG