Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Другі дзень Мілінкевіча на Берасьцейшчыне – спэцслужбы вядуць назіраньне


Алесь Дашчынскі, Менск Другі дзень працягваецца паездка па Берасьцейшчыне адзінага кандыдата ад апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары Аляксандра Мілінкевіча. Міліцыя і спэцслужбы вядуць назіраньне за дэлегацыяй.

Міліцыя і спэцслужбы ў Берасьці суправаджаюць Аляксандра Мілінкевіча і вядуць здымкі. Амаль на дзьве гадзіны яны затрымалі кіроўцу і мікрааўтобус, на якім дэлегацыя разам з Аляксандрам Мілінкевічам перамяшчаецца па Берасьці. Яны ўважліва агледзелі машыну і рэчы, высьвятлялі, ці ня скрадзены гэты аўтамабіль, хаця менавіта на ім дэлегацыя Мілінкевіча была ў іншых рэгіёнах. У міліцыянтаў выклікалі падазрэньне відэакасэты з мультфільмамі “Прыгажуня ў сонным лесе”, “Папялушка” ды іншымі, якія адзіны кандыдат прывёз дзіцячаму сірочаму прытулку. У райаддзеле міліцыі ўсе гэтыя касэты прагледзелі, але нічога крамольнага там не знайшлі. Пасьля гэтага кіроўцу адпусьцілі, а касэты вярнулі. Паводле спадара Мілінкевіча, і нядаўнія папраўкі ў Крымінальны кодэкс, і цяперашнія дзеяньні ўладаў зьвязаныя між сабой.

(Мілінкевіч: ) “Проста ўлады баяцца праўды, альтэрнатыўнага слова. Дарэчы, і газэты з гэтай прычыны зачыняюцца, і па падпісцы іх нельга атрымаць. Гэта значыць, усе намаганьні ўлада будзе прыкладаць дзеля таго, каб людзі ня мелі альтэрнатыўнай кандыдатуры, каб пра яе ведала вельмі малая частка людзей. Я думаю, што яны проста робяць намаганьні, каб пашкодзіць графіку, замарудзіць нашыя сустрэчы. Я думаю, што гэта тая самая ўстаноўка — не пускаць, замарудзіць”.

Нагадаем, падчас папярэдняй паездкі па Гомельшчыне прадстаўнікі спэцслужбаў вялі відэаздымкі. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, на захадзе Беларусі, у Берасьці, спэцслужбы і міліцыя ўсё ж паводзяць сябе больш выхавана і сьціпла. Зрэдку фатаграфуюць, правяраюць дакумэнты ў сябраў дэлегацыі.

(Мілінкевіч: ) “Дарэчы, народ, які з намі размаўляе, рэагуе на міліцыю спакойна. А сустрэчы адбыліся вельмі добрыя, на двух рынках. І з унівэрсытэцкімі студэнтамі — выдатная сустрэча, таму што студэнтаў было чалавек сорак, выдатныя пытаньні, яны хацелі яшчэ задаваць, але мы мусілі ехаць. Пачатак вельмі добры”.

У дзяржаўным унівэрсытэце імя Пушкіна сёньня была строгая прапускная сыстэма, і нават некаторыя выкладчыкі зь цяжкасьцю патрапілі на працу. Паводле выкладчыкаў, адміністрацыя баіцца, што спадар Мілінкевіч захоча зайсьці ў будынак унівэрсытэту.

(Мілінкевіч: ) “Нам пераказвалі студэнты, што ва ўнівэрсытэце праведзеныя сходы, каб з намі не сустракаліся, што каго заўважаць, будуць мець непрыемнасьці. Старасты затрымлівалі людзей, каб яны не ішлі на прыступкі ўнівэрсытэту на размову са мной. І выхаваўчыя гадзіны там зьбіраліся праводзіць. Але, калі мы стаялі і размаўлялі, то ва ўсіх вокнах было шмат студэнтаў, якія ня выйшлі, але спачувалі нам. Таму я лічу, што розгалас вельмі вялікі, а гэта самае галоўнае”.
XS
SM
MD
LG