Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Правілы прыёму ў ВНУ зноў могуць зьмяніцца


Сьвятлана Курс, Менск Сёлета ўвосень Мінадукацыі надрукавала праект правілаў прыёму ў навучальныя ўстановы. Тры гады таму гэтыя правілы ўжо зьмяняліся. Сёлетні праект міністэрства мусіў зацьвердзіць гэтую сыстэму паступленьня, якая працавала два гады — з тэставаньнем і сэртыфікатамі. Аднак пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі праект можа істотна зьмяніцца.

Да правілаў прыёму ў ВНУ, якія дзейнічалі два апошнія гады, збольшага прывыклі прыёмныя камісіі, абітурыенты, бацькі й настаўнікі. Чакалася, што яны і будуць зацьверджаныя прынамсі на пяць гадоў. Аднак пасьля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі праект быў адпраўлены на дапрацоўку. Вось шэраг магчымых новаўвядзеньняў: для паступленьня будзе недастаткова двух абавязковых тэставаньняў і аднаго ўступнага іспыту — уводзіцца “сярэдні бал” школьнага атэстату. Ня будзе платнага тэставаньня і дзьвюх плыняў прыёмнай кампаніі, калі няўдалыя абітурыенты перакідвалі дакумэнты ў іншую ВНУ. Ня будзе права выбару вынікаў двух тэставаньняў. Завочнае і вечаровае навучаньне для бальшыні абітурыентаў зробіцца платным.

Цяпер новы праект праходзіць стадыю абмеркаваньня і зацьвярджэньня, кажа прадстаўніца Міністэрства адукацыі Галіна Хацешава.

(Хацешава: ) “Тэлефонныя званкі ідуць і ідуць. Мамы-таты хочуць дабра сваім дзецям, каб магчымасьцяў і шанцаў было болей. Застаюцца дзьве плыні, але ў першай будуць ВНУ ў сфэры культуры і сілавікі. Астатнія будуць ісьці другой плыньню. Аднак зьмены могуць быць любыя — узгадненьні і абмеркаваньні ідуць. Заўвагі і прапановы прапрацоўваюцца. Нават калі яны будуць прапрацаваныя ў Міністэрстве адукацыі, усё роўна яшчэ будуць адпрацоўвацца на ўзроўні Савету міністраў ды адміністрацыі прэзыдэнта”.

Не ўдалося даведацца, хто быў ініцыятарам больш строгіх правілаў прыёму — прэзыдэнт або Саўмін. Праект спэцыялістаў Міністэрства адукацыі прадугледжваў захаваньне больш лібэральных і варыянтных правілаў прыёму — у прыватнасьці, два тэставаньні.

Маці дзьвюх абітурыентак зь Пінску, эканамістка Алена Галавач лічыць, што адначасовыя іспыты ва ўсіх ВНУ — гэта нядрэнна.

(Галавач: ) “Можа, гэта з аднаго боку і добра, што ня будзе такіх пераскокаў. Добра і тое, што аднавілі сярэдні бал атэстату — менавіта для маіх дзяцей, таму што ў іх добрыя атэстаты. Калі чалавек працаваў 11 гадоў, гэта павінна быць улічана. А пры тэставаньні ёсьць момант лятарэі. А тое, што ня будзе двух тэставаньняў — ня надта добра, бо можна было выбраць лепшае”.

Строгія правілы нядрэнныя для тых абітурыентаў, якія прывыклі цяжка працаваць і хочуць, каб іхныя высілкі былі ацэненыя. Аднак нямала бацькоў апасаюцца, што давядзецца зноў наймаць рэпэтытыраў, каб падцягнуць дзіця па тых прадметах, да якіх яно менш здольнае. Будучыя матэматыкі будуць давучваць літаратуру і мовы, а філёлягі — хімію і трыганамэтрыю. Паводле таго ж Міністэрства адукацыі, кожны другі школьнік у Беларусі мае хранічныя захворваньні. Відавочна, перагрузкі не спрыяюць здароўю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG