Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Microsoft" мае намер перакласьці свае праграмы на беларускую мову


Ігар Карней, Менск Найбуйнейшы ўсясьветны вытворца прадуктаў праграмнага забесьпячэньня, амэрыканская карпарацыя “Microsoft” абвясьціла пра намер стварыць беларускамоўную вэрсію апэрацыйнай сыстэмы “Windows XP”. Дагэтуль Беларусь была адной з апошніх краінаў Эўропы, дзе кампутарныя карыстальнікі ня мелі праграмнага прадукту на нацыянальнай мове і карысталіся распрацоўкамі для расейскага рынку.

Кіраўнік Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў паведаміў, што ўжо даўно дамагаецца, каб “Microsoft”, як і многія іншыя кампаніі, загаварыла па-беларуску.

(Трусаў: ) “Мы з гэтай кампаніяй лістуемся ўжо два гады. У прыватнасьці, кантактуем з маскоўскім прадстаўніцтвам карпарацыі. І вось цяпер — вынік. Так што, можна сказаць, гэта ў немалой ступені з нашай падачы адбылося”.

Першым крокам беларускай асыміляцыі ўсясьветна вядомага брэнду стала легалізацыя рэгіянальнага дыстрыбутара кампаніі: ад пачатку сьнежня пастаўляць праграмныя прадукты “Microsoft” упаўнаважаная менская фірма “Elco computers”. Фірма, перадусім, абавязаная забясьпечыць легальны канал паставак ліцэнзійных копіяў “Windows” ды іншых распрацовак “Microsoft” на беларускі рынак. Аднак там ня могуць назваць канкрэтны тэрмін зьяўленьня беларускамоўнай вэрсіі “Windows XP”. Штосьці рэальна, як паведамілі ў фірме, будзе акрэсьлена падчас візыту ў Менск прадстаўнікоў карпарацыі, які заплянаваны на студзень. Заяўлена, што “Microsoft” можа стаць адным з рэзыдэнтаў Парку высокіх тэхналёгіяў.

Фармальна Беларусь магла трапіць у сфэру стратэгічных інтарэсаў “Microsoft” нашмат раней. Зь Беларусьсю наўпрост зьвязаны Стыў Балмэр — генэральны дырэктар кампаніі і асабісты сябра заснавальніка “Microsoft” Біла Гейтса. Бабуля Балмэра — нараджэнка Пінску. Аднак адзін з кіраўнікоў ТБМ і кампутарны адмысловец Сяргей Кручкоў кажа, што бізнэсоўцаў такога шэрагу перадусім цікавіць не радавод, а рэальны кошт справы. І з гэтай прычыны беларускі рынак наўрад ці можа разглядацца як прыбытковы.

(Кручкоў: ) “З гэтага гледзішча ў іх вельмі практычны падыход. Беларусь купляе вельмі мала ліцэнзійных прадуктаў “Microsoft”. Для таго, каб ім было цікава займацца беларускай мовай, павінна быць сур’ёзная доля беларускіх ліцэнзійных карыстальнікаў, якія, плюс да ўсяго, яшчэ і карыстаюцца беларускай мовай. Фактычна такіх перадумоваў для “Microsoft” няма, і займацца гэтым нявыгадна. Але з нашага боку ёсьць наступнае: мы працягваем распрацоўваць праграму праверкі артаграфіі для беларускай мовы пад “Microsoft”, перакладаючы файлы мэню і дапаможныя файлы на беларускую мову”.

Цяпер апэрацыйная сыстэма “Windows XP” падтрымлівае 45 нацыянальных моваў. У 2006 годзе гэты сьпіс можа пашырыцца дзякуючы беларускамоўнай вэрсіі — з умовай, калі кіраўніцтва “Microsoft” станоўча вырашыць пытаньне беларусізацыі свайго праграмнага прадукту.
XS
SM
MD
LG